Мітынг каля гарвыканкаму, 17 жніўня 2020
Каля гарвыканкаму народ зноў патарабаваў сустрэчы з кіраўніцтвам Магілёва.
У панядзелак, 17 жніўня магілёўцы сабраліся каля будынку гарадской адміністрацыі.
Мітынг быў не такі шматлюдны, як напярэдадні ў нядзелю, гэтым разам сабралася некалькі соцен чалавек. Людзі хацелі пабачыць кіраўніцтва гораду, каб перадаць свае патрабаванні і пачуць адказы на самыя важныя пытанні, звязаныя з легітымнасцю ўлады і неабаснаванымі рэпрэсіямі.
Але, паколькі народ сабраўся пасля 17 гадзінаў, калі працоўны дзень фармальна скончыўся, да іх не выйшаў нават міліцыянер-ахоўнік. Па некаторых сведчаннях, сам кіраўнік гарадской адміністрацыі Уладзімір Цумараў пакінуў будынак праз «чорны» выхад.
Пад час сутрэчы грамадзяне і актывісты яшчэ раз абмяркавалі шэраг пытанняў да ўладаў, а так сама прызначылі час новай акцыі — аўторак, так сама а 17-й гадзіне. На гэты ж час кіраўніцтва горада анансавала «свой» мітынг, на які плануюць сабраць людзей праз «адміністратыўны рэсурс».