Журналіста «Магілёўскага рэгіёну» «упакавалі» на 8 сутак. Ён абвясціў галадоўку
Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова 1 верасня пакарала карэспандэнта інтэрнэт-парталу “Магілёўскі рэгіён” Алеся Сабалеўскага 8 суткамі арышта за парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
На знак пратэсту супраць незаконнага зняволення журналіст абвясціў галадоўку.
У судзе Сабалеўскі пераканаўча даводзіў, што ён ніякім чынам не ўдзельнічаў у прайшоўшым 30 жніўня ў Магілёве “Маршу міру і незалежнасці”, а працаваў на гэтым мерапрыемстве як журналіст. Алесь рабіў для 6tv.by стрым, які трансляваўся на ютуб-канале “Магілёўскага рэгіёну”. Журналіст настойваў, што не выкрыкваў лозунгаў і не трымаў транспарантаў, і даводзіў суду, што ён ніякім чынам не парушаў грамадскі парадак.
Гэтыя аргументы на суддзю Палякову ніякага ўздзеяння не аказалі. Наадварот, суддзя ў сваёй пастанове палічыла тое, што Сабалеўскі вёў анлайн-трансляцыю маршу, сведчаннем яго актыўнага ўдзелу ў недазволеным мерапрыемстве. Журналіста абурыла перадузятая стаўленне з боку суддзі Паляковай і ён на знак пратэсту адразу ж у зале суда абвесціў галадоўку.
Алесь Сабалеўскі быў затрыманы вечарам 30 жніўня напрыканцы “Маршу міру і незалежнасці” у Магілёве. Жорсткае затрыманне праводзілі невядомыя мужчыны ў цывільнай вопратцы. Больш за суткі родныя і калегі Сабалеўскага не мелі ніякіх звестак наконт таго, дзе знаходзіцца Алесь.