Ольга Семченко об увольнении директора Могилевского драмтеатра
Афіцыйная фармулёўка — «у сувязі з скасаваньнем кантракту». Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на старонцы тэатру ў Facebook. Супрацоўнікі лічаць, што прычына — пратэставая актыўнасьць калектыву, паведамляе Радыё Свабода.
Сам Андрэй Новікаў, які кіраваў тэатрам ад 2000 году, гаварыць пра звальненьне адмаўляецца. Пытаньні просіць адрасаваць наймальніку — абласному ўпраўленьню культуры. Там атрымаць камэнтар пакуль не ўдалося.
За 20 гадоў дырэктарства ў тэатры Новікава трупа станавілася ляўрэатам нацыянальных і міжнародных конкурсаў. У 2018 годзе яго імя занесьлі на абласную дошку гонару, адзначыўшы званьнем «Чалавек году Магілёўшчыны». У 2019-м узнагародзілі мэдалём Францішка Скарыны. З адукацыі ён гісторык.
«Усё гэта не перашкодзіла вышэйстаячаму кіраўніцтву вызваліць дырэктара тэатру А.Ф. Новікава ад займаемай пасады ў сувязі з тым, што той палічыў непрымальным для сябе звальняць сваіх супрацоўнікаў па неабгрунтаваных і незаконных прычынах», — гаворыцца ў заяве калектыву на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку.
У жніўні 26 супрацоўнікаў тэатру распаўсюдзілі адкрыты зварот, у якім заклікалі ўладу да дыялёгу з грамадзтвам і выказалі абурэньне рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўлады. Пасьля з калектывам сустракаліся чыноўнікі і ўдакладнялі ягоную пазыцыю, запэўнівалі, што перасьледаваць за зварот ня будуць.
24 лістапада ў тэатры адбыўся сход, на якім, паводле ўдзельнікаў, не ўдалося выпрацаваць агульнай пазыцыі калектыву да звальненьня кіраўніка. Спыненьне працоўных адносінаў з Андрэем Новікавым назвалі «адміністрацыйным шантажом». Некаторыя супрацоўнікі тэатру кажуць, што «ён ахвяруе сабой дзеля захаваньня калектыву».
У абласное ўпраўленьне культуры быў накіраваны зварот, каб Новікава пакінулі на пасадзе. Пад лістом падпісаліся 86 супрацоўнікаў тэатру з 120.
«Калектыў цяпер у дэмаралізаваным стане, а паколькі абараніцца калектыўна не ўдаецца, то кожны будзе выбіраць свой шлях. Новага дырэктара сустракаць будзем без энтузіязму», — адзначае адна з падпісантак.
Суразмоўца кажа, што новы дырэктар у тэатры зьявіцца 26 лістапада.