Атрады Карпянкова могуць выкарыстаць для транзіту ўлады ці як ударны кулак супраць NATO – Сяргей Бульба

17 февраля 2024
Заснавальнік “Белага легіёну”, палітычны дзеяч Сяргей Бульба даў інтэрв’ю каналу 6tv Belarus і выказаў сваё бачанне прычын стварэння ў Беларусі атрадаў спецназу пад кіраўніцтвам Мікалая Карпянкова. А таксама – пра ўцягненасць беларускіх вайскоўцаў у вайну ва Ўкраіне.

Рыхтуючыся да парламенцкіх і мясцовых выбараў 25 лютага, беларускія сілавікі актыўна працуюць над запалохваннем насельніцтва, каб прадухіліць магчымыя хваляванні. “У справу могуць уступіць і вагнераўцы” – такі мэседж паслаў намеснік міністра Унутраных справаў Рэспублікі Беларусь Мікалай Карпянкоў, які кіруе стварэннем атрадаў спецыяльнага прызначэння пры ўнутраных войсках краіны.

– Ён апелюе да чагосьці больш страшнага, чым беларускія сілавікі, ён апелюе да чагосьці зусім “беспрэдзельнага”. – каментуе падобныя выказванні беларускі палітычны дзеяч, заснавальнік “Белага Легіёну” Сяргей Бульба.

Сама прычына стварэння “атрадаў Карпянкова”, на думку эксперта, заключаецца ў жаданні кантраляваць сітуацыю ў краіне сілавымі метадамі ў выпадку палітычнай турбулентнасці падчас трансфармацыі беларускай улады. Але не толькі.

– Я разглядаю два варыянты. Першы – паглядзіце, карпянкоўскія атрады носяць ідэалогію не міліцэйскую, а штурмавікоў. Іх можа выкарыстаць Расія як ударны кулак у правакацыях супраць адной з краін NATO. Гэта раз. А другое, гэта версія пра тое, што менавіта карпянкоўскім атрадам будзе даручаны кантроль за транзітам улады з боку Лукашэнкі. Таму што ўсім зразумела, што Лукашэнка не хоча выконваць тыя пагадненні, на якія Масква яго прымушае, таму яна яго спрабуе ўсяляк абнесці з двух бакоў плотам, каб у яго ўжо не было сектару для манёўраў, каб быў толькі вузкі калідорчык.

Беларускіх ваенных пачалі заўважаць на вайне супраць Украіны

На думку Сяргея Бульбы, таксама назіраецца мэтанакіраванае ўцягванне беларускіх сілавікоў у ваенныя дзеянні супраць Украіны.

– Беларусаў пачалі заўважаць, прычым з рознымі зорачкамі на плячах, на вайне супраць Украіны з расійскага боку. Не першы эшэлон, але ж прыкладна другі эшэлон. І ў прынцыпе тэндэнцыя ёсць такая, нават такая задача ставіцца – невялічкімі падраздзяленнямі закідваць менавіта ў другі эшэлон на вайну ва Украіне чыста для пераадолення псіхалагічнага страху. Ціхенька, не афішуючы, але беларусаў ужо закідваюць і будуць далей закідваць, каб яны праходзілі такую псіхалагічную падрыхтоўку. Калі гэта робіцца са згоды расіян, то яны ж, напэўна, разумеюць, як яны будуць прымяняць гэтых беларусаў у будучыні.

Падобныя звесткі, на думку эксперта, неабходна аналізаваць у шырокім кантэксце – ва ўмовах падрыхтоўкі Расійскай Федэрацыі да вялікай і працяглай вайны. Тут мае значэнне не толькі праца расійскага боку з беларускімі сілавікамі, але і падпарадкаванне беларускіх прадпрыемстваў патрэбам расійскага ваенна-прамысловага комплекса.

– Расія ўжо цалкам пераводзіць усю сваю эканоміку на рэйкі ваеннага часу. Новыя ВПК-шныя прадпрыемствы арганізуюцца, старыя выводзяцца ў рэжым работы 24/7. Беларускі ВПК, дарэчы, уключаны ў лінейку расійскага. Яны правялі ўмоўную дыверсіфікацыю. То бок, не цалкам робяць “изделие”, як гэта па ваеннай тэрміналогіі называецца, а нейкія модулі, блокі, якія ў канчатковы выраб збіраюцца дзесьці ў глыбінцы Расіі, дзе яго не дастануць украінскія “хаймарсы”. Усё гаворыць пра тое, што на ўсіх узроўнях, і ментальна і эканамічна – Расія рыхтуецца да вайны ў доўгую. І Пуцін, здаецца, ужо не хавае тое, што ён збіраецца аднаўляць Савецкі Саюз.

Похожие материалы