Ці будуць беларусы супраціўляцца войскам NATO? – разважае Сяргей Бульба
AP Photo/Mikhal Dyjuk
На пытанне журналіста канала 6TV Biełarus Яўгена Казакевіча адносна таго, як можна прасачыць ступень уцягненасці Беларусі ў магчымы напад Расіі на краіны Балтыі, Сяргей Бульба звярнуў увагу на наступныя фактары. Лаяльнасць Лукашэнкі перад нападам Расіі на Украіну падмацоўвалася ў тым ліку абяцаннем, што Беларусі будуць падораныя транспартныя тэрміналы ў партах Марыупаля ці Адэсы. Зараз жа актывізаваліся абмеркаванні адносна іншага лагістычнага хаба, Бронкаў – расійскага марскога порта на Балтыйскім моры, размешчаным каля Санкт-Пецярбурга. Прычым беларускі і расійскі бакі перайшлі ўжо да ўзгаднення тэхнічных дэталяў.
Што мы прадалі?
Так, расійскі бок ужо правёў калькуляцыю, паводле якой для правозу 20 мільёнаў тон беларускіх грузаў спатрэбіцца мадэрнізацыя порта, а гэта абыйдзецца больш чым у 1,6 мільярды даляраў. У гэтай сітуацыі ўзнікае пытанне, на думку Сяргея Бульбы – што мы прадалі? Чаму расійскі бок пагадзіўся ўкладаць у арганізацыю інфраструктуры для падвозу беларускіх грузаў такія немаленькія грошы?
Па меркаванні палітычнага аглядальніка, Лукашэнка ўжо даўно марыць пра перадачу Беларусі асобнага марскога порта, каб паставіць на ім сваю мытню і яшчэ больш актыўна займацца кантрабандай. Раней у яго з расійскім бокам ішлі толькі агульныя перамовы, абмеркаванні парта ў Бронцы, альбо ў Мурманскім рэгіёне. Зараз жа ў СМІ з’явілася інфармацыя пра канкрэтную суму, неабходную для рэалізацыі гэтых планаў. А гэта значыць, што бакі ўжо пралічваюць наступныя крокі.
NATO можа не дапамагчы краінам Балтыі
Што ж да магчымах сцэнарыяў канфлікта з краінамі NATO, Сяргей Бульба звяртае ўвагу, што ў краінах Балтыі, асабліва ў Літве і Латвіі зараз дастаткова “спячай” расійскай агентуры, якая з’яўляецца магчымым фактарам абвастрэння сітуацыі. У гэтым выпадку расійскім войскам нават не спатрэбіцца пераходзіць мяжу. Так, усё міністэрства абароны Латвіі налічвае ўсяго чатыры тысячы чалавек. Гэтага мала, каб эфектыўна працаваць супраць узнікнення магчымай “Даўгаўпілскай народнай рэспублікі”.
Прычым і NATO ў гэтым выпадку можа не дапамагчы – бо гэта будзе разглядацца як унутраная праблема ўнутры Латвіі і не будзе падстаў для прымянення натаўскіх алгарытмаў.
Падобны варыянт распальвання новага канфлікта палітычны аналітык лічыць найбольш верагодным. Што літоўскае, што латышскае міністэрствы ўнутраных справаў цудоўна гэта разумеюць, і пагэтаму імкнуцца максімальна пазбавіць ВНЖ беларусаў і расіян, асабліва тых, што мелі досвед службы ў нейкіх спецвойсках.
Сцэнарыі вайны з NATO
У выпадку ж пачатку прамога канфлікту краін NATO з беларуска-расійскай групоўкай войскаў, аглядальнікі разглядаюць самыя разнастайныя магчымыя сцэнарыі развіцця сітуацыі. Адзін з іх, агучаны падчас размовы журналістам Яўгенам Казакевічам, прадугледжвае, што Расіі атрымаецца стварыць баяздольную групоўку на заходняй мяжы Беларусі, а такія гарады, такія як Гародня, Брэст, Ліда, Ашмяны, Смаргонь і Полацк ператворацца ў прыфрантавыя.
Пад націскам пераўзыходзячых сілаў праціўніка гэтая групоўка будзе адступаць, пакідаючы пасля сябе выпаленую зямлю, што стане катастрофай для Заходняй Беларусі. Але Мінск, двухмільённік, узяць групоўцы NATO хутчэй за ўсё будзе не пад сілу.
З апошнім меркаваннем не згодны Сяргей Бульба. Для таго, каб абараніць Мінск, на яго думку, трэба ў першую чаргу, каб самі людзі хацелі яго абараняць. Аналітык не ўпэўнены, што беларусы будуць супраціўляцца войскам NATO.
Развагі, што Мінск будзе супраціўляцца, падобныя на тое, на што разлічвалі расіяне ва Украіне на самым пачатку вайны – што калі яны будуць заходзіць, іх будуць сустракаць як “братушак”, з хлебам-соллю. Калі войскі NATO, напрыклад, будуць падыходзіць да Мінска – хто будзе яго бараніць, акрамя якіх-небудзь адмарожаных адстаўнікоў ці “рускамірцаў”, задаецца пытаннем аглядальнік. А колькі іх усяго ў Беларусі? 5-7 адсоткаў? Але і тое гэта толькі на словах.
Фота: AP Photo/Mikhal Dyjuk