Валер Карбалевіч – трэба чакаць Чорнага лебедзя

15 февраля 2024
У студыі 6tv Belarus мы пагутарылі з вядомым журналістам і палітолагам, кандыдатам гістарычных навук Валерыем Карбалевічам. Сабралі для вас самае цікавае і важнае з гэтага інтэрв’ю.

6tv Belarus: Беларускую інфармармацыйную прастору ўсхвалявала паведамленне Тэлеграм-канала “Беларуская выведка” пра тое, што ў краіне засталося пражываць усяго 7 870 000 грамадзян, з якіх 4 200 000 з’яўляюцца фактычнымі ўтрыманцамі – гэта пенсіянеры, інваліды і дзеці да 18 гадоў. Паводле дадзеных канала, даследаванне рэальнай дэмаграфічнай сітуацыі праводзілася супрацоўнікамі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Лукашэнкі. 

Людзі адчуваюць бесперспектыўнасць таго, што адбываецца ў Беларусі

Валер Карбалевіч: Цяжка каментаваць гэтую інфармацыю, бо яна не афіцыйная, а кулуарная, таму, я б звярнуў увагу на іншае – на тое, што праблема з недахопам працоўных рэсурсаў ёсць. І гэтую праблему прызналі на ўзроўні ўрада, рыхтуецца спецыяльная праграма па вырашэнні міграцыйнага пытання. Пра гэта казаў і Лукашэнка неаднаразова, што не хапае працоўных рэсурсаў, асабліва ў некаторых сферах – напрыклад, у медыцыне. То бок, гэтая праблема ўсведамляецца. Мы памятаем тыя лічбы, якія называлі сілавікі. Карпянкоў, напрыклад, называў лічбу 350 тысяч.

Можна спрачацца, колькі рэальна людзей выехала, але тое, што людзі выяжджаюць, і гэты працэс працягваецца, гэта відавочна. Мы шмат кажам пра міграцыю ў краіны Захаду, але, як мы ведаем, даўно існавала, і я думаю, што яна і зараз ёсць, праблема выезду беларусаў на працу ў Расію. Яшчэ гадоў дзесяць таму называлі велізарныя лічбы, гаворка ішла пра сотні тысяч.

 

Праблема ёсць. Іншае пытанне – наколькі ўлады сур’ёзна гатовы яе вырашаць. Таму што гэта праблема ёсць вынікам той палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі. Гаворка не толькі пра палітычныя рэпрэсіі, хаця яны пацягнулі за сабой вялізную хвалю палітычнай міграцыі. Гаворка і пра эканамічных мігрантаў – у выніку эканамічнай палітыкі, у выніку барацьбы з бізнэсам, з інвестарамі з гэтак званых “недружалюбных” краін. Людзі проста адчуваюць бесперспектыўнасць таго, што адбываецца ў Беларусі і шукаюць шчасця за межамі краіны.

Каб змяніць гэтую сітуацыю, трэба змяніць эканамічную палітыку і ўвогуле палітыку. Але відавочна, што на гэта беларускія ўлады не гатовыя. Лукашэнка да любой праблемы падыходзіць з пункту гледжання палітычнага, з гледжання ўтрымання ўлады. І калі глядзець з гэтай пазіцыі, то ён не бачыць тут вялікай праблемы. Таму што з’яжджаюць незадаволеныя, гэта такі клапан выпускання сацыяльнага пару.

Застаюцца тыя, хто так ці інакш задаволены, ці тыя, каму іншага варыянту проста няма. І гэта чыннік, які робіць нейкую такую разрадку палітычнай атмасферы. Таму, калі выбіраць паміж праблемамі недахопу працоўных рэсурсаў і пагрозамі, якія ствараюць незадаволеныя людзі для ягонай улады, зразумела, які выбар робіць Лукашэнка.

І таму, усе тыя захады, якія збіраюцца рабіць беларускія ўлады для таго, каб гэтую праблему вырашыць, яны не вельмі эфектыўныя. Што робяць улады? Яны любую праблему, якая існуе, вырашаюць адным спосабам – сілаю, гвалтам, адміністратыўнымі метадамі. Якая рэакцыя на гэтую праблему – вось, напрыклад, не выпускаць людзей з краіны, якія пасля заканчэння ВНУ не адпрацавалі пэўны тэрмін, і гэты тэрмін павялічваецца. Асабліва гэта будзе вялікая праблема для медыкаў. Альбо, вось – барацьба з дармаедамі. І нібыта Міністэрства ўнутраных спраў збіраецца крыміналізаваць гэтую з’яву – дармаедства. Гэта таксама спроба прымусіць людзей працаваць гвалтам. Гэта такія захады, якія наўрадці могуць быць спосабам вырашэння праблемы. Я думаю, што ў межах існага палітычнага рэжыма гэта праблема невырашальная.

Карпянковым пужаюць маленькіх дзяцей у Беларусі

6tv Belarus: Спадар Валер, хочам запытаць у Вас па тэме, якую ўжо некалькі тыдняў абмяркоўваем з усімі гасцямі нашай студыі. Вось гэтыя падраздзяленні Карпянкова – іх ужо створана каля дзесяці. Яшчэ была інфармацыя, што Карпянкоў плануе стварыць “Белгвардыю”, як аналаг расійскай “Росгвардыі”. Ці набірае Карпянкоў з ростам уплыву і аўтарытэту сярод вайскоўцаў і палітычную вагу?

Валер Карбалевіч: Я мяркую, што ўсё, што робіць Карпянкоў, ён робіць са згоды Аляксандра Лукашэнкі. Калі б гэта было не так, былі б іншыя высновы і іншыя рашэнні, у тым ліку кадравыя. А паколькі Карпянкова наадварот, піяраць у дзяржаўных медыя, то гэта не можа быць ініцыятыва самаго Карпянкова.

Карпянкоў для беларускай грамадскасці – гэта чалавек, які найбольш бязлітасна змагаецца з крамолай, з апанентамі Лукашэнкі. І тое, што ён пастаянна з’яўляецца на тэлеэкранах, пастаянна пагражае, расказвае, якія новыя і новыя падраздзяленні ствараюцца ў Беларусі – усё гэта робіцца для таго, каб застрашыць грамадства і апанентаў, каб запужаць іх.

Карпянковым пужаюць маленькіх дзяцей у Беларусі, і Лукашэнку гэта выгадна. Вось, уласна кажучы, і ўся функцыя Карпянкова. Функцыя Карпянкова – быць той кувалдай, якой калісьці вагнераўцы забівалі свайго калегу.

Я думаю, што як толькі Лукашэнка пабачыць нейкую сапраўды пагрозу ад яго, нейкую палітычную вагу – яго адправяць на ганаровую пенсію. Узначаліць якую-небудзь грамадскую арганізацыю былых сілавікоў, ці яшчэ куды. У гэтым плане Лукашэнка вельмі ўважліва сочыць за справай і рэагуе вельмі аператыўна.

Уплыў візітаў Лукашэнкі вельмі мала адбіваецца на рэальных эканамічных адносінах

6tv Belarus:  Спадар Валер, візіт Лукашэнкі ва Ўзбекістан – раней вельмі прахалоднымі былі адносіны Лукашэнкі з кіраўніцтвам гэтай краіны. А зараз, калі Мірзіёеў прыйшоў да ўлады ва Ўзбекістане, яны з Лукашэнкам нейкі тандэмчык арганізавалі. Чым цікавая гэтая паездка Лукашэнкі ва Ўзбекістан, на Вашу думку?

Валер Карбалевіч: Не так шмат варыянтаў у Лукашэнкі, калі казаць пра замежныя паездкі. Прычым – пра такія паездкі, якія давалі б не тое што эфект, а хаця б нейкі піар, якія б упэўнівалі яго прыхільнікаў і кіроўную эліту ў тым, што гэтыя візіты маюць нейкі сэнс. Таму што, скажам, тыя ж візіты ў краіны Афрыкі былі, мякка кажучы, непераканаўчымі.

Што да адносін з Узбекістанам – тут мы бачым такую сітуацыю, калі адносіны паміж краінамі з аўтарытарнымі рэжымамі вельмі шмат залежаць ад адносінаў паміж лідарамі, паміж уладарамі. Вось, былі добрыя стасункі ў Лукашэнкі з Уга Чавесам, і ўзаемныя эканамічныя адносіны былі на пад’ёме, нават венесуэльскую нафту вазілі ў Беларусь. Не стала Уга Чавеса, і ўсё павалілася. З Узбекістанам падобная сітуацыя.

З былым кіраўніком Узбекістана Керымавым у Лукашэнкі былі даволі дрэнныя адносіны, прычым гэта вылівалася ў публічныя спрэчкі, публічныя сваркі. Узбекістан быў адзінай краінай постсавецкай прасторы, якая не мела амбасады ў Беларусі. Беларуская амбасада была ў Ташкенце, а узбецкай амбасады не было ў нас.

Цяпер жа, пасля прыходу Мірзіёева да ўлады, адносіны сталі добрымі, прыязнымі. Гэта пазітыўна адбіваецца і на эканамічных стасунках. Гандлёвы абарот за 2023 год перавысіў 500 мільёнаў даляраў. Гэта нядрэнна. Не параўнаць з тымі ж адносінамі з краінамі Афрыкі, куды Лукашэнка нядаўна ездзіў.

Што ж тычыцца гэтага візіта – ён у нас быў названы гістарычным, як заўсёды, былі падпісаныя нейкія дамовы і дэкларацыі. Але я стаўлюся да гэтых дэкларацый даволі скептычна, бо трэба заўсёды ацэньваць па выніках, а не па планах. Таму што ўплыў візітаў Лукашэнкі ў розныя краіны вельмі мала адбіваецца на рэальных эканамічных адносінах, гэта ўжо праверана за трыццаць гадоў. Ну, але, цалкам магчыма, што гандлёвыя адносіны пачнуць набіраць абароты. Можа, нейкія вынікі і будуць, але я не думаю, што яны будуць грандыёзныя.

Я б хацеў звярнуць увагу, што падчас візіту ў выступах Лукашэнкі не было традыцыйных для яго антызаходніх заяваў.

Што таксама даволі цікава, бо Ўзбекістан не псуе адносіны з Захадам. Ён не хоча сварыцца з Захадам, не ўваходзіць у ваенна-палітычны саюз АДКБ, нядаўна Узбекістан наведваў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Для закрыцця транзіту праз Беларусь павінна адбыцца вельмі сур’ёзнае абвастрэнне

6tv Belarus:  Беларусы патрабуюць ад уладаў Польшчы спыніць транзітныя грузаперавозкі з Беларусі, пакуль рэжым Лукашэнкі не вызваліць палітычных вязняў. Польшча мае юрыдычнае права зрабіць гэта ў сувязі з прымяненнем да Беларусі артыкула 33 Статута Міжнароднай арганізацыі працы і такое рашэнне было прынята ў чэрвені 2023 года “у сувязі з сістэматычнымі парушэннямі правоў работнікаў і прафсаюзаў”. Узнікае пытанне – а ці можа Польшча пайсці на такі крок?

Валер Карбалевіч: Дзеянні з аднаго боку могуць справакаваць дзеянні з другога боку, з беларускага боку, які ўвогуле можа перакрыць усе межы тут. Пытанне сапраўды складанае, бо гэта зброя, вострая з абодвух бакоў. Яна б’е па эканамічных інтарэсах не толькі Беларусі, але і краін-суседзяў Беларусі, увогуле Еўразвязу і іншых краін, якія ажыццяўляюць транзіт.

Таму, каб проста так узяць і закрыць – для такога рашэння павінны быць нейкія вельмі важныя падставы, павінна адбыцца вельмі сур’ёзнае абвастрэнне паміж Беларуссю і краінамі Захаду. Магчыма, нават нейкае ваеннае абвастрэнне. Вось з такой нагоды – магчыма. Пакуль я такога абвастрэння не бачу, і не бачу яго на гарызонце.

6tv Belarus: Пытанне ад нашага гледача. “Як нам у Беларусі арганізаваць нацыянальны супраціў рэжыму і рускаму міру, які амаль захапіў нашу краіну? Что трэба для гэтага рабіць, улічваючы гістарычны досвед?”

Валер Карбалевіч: Гэта вялізнае пытанне, што трэба рабіць, каб адбыліся змены ў Беларусі. Беларусы паспрабавалі дасягнуць такіх зменаў у 2020 годзе, але нічога не атрымалася. Для таго, каб накапіць зноў такі пратэстны патэнцыял, які можа выбухнуць, трэба даволі вялікі час, трэба збег нейкіх абставінаў.

Тое, што адбылося ў 2020 годзе, гэта вынік даволі рэдкіх збегаў абставін. Гэта назапашванне пратэстнага патэнцыялу, які назапашваўся шмат гадоў. Каб зноў здарылася нешта падобнае, трэба зноў збег такіх абставінаў. Сёння ў Беларусі няма механізмаў, з дапамогай якіх беларускае грамадства можа ўплываць неяк на ўладу.

Таму, што тут можна прапанаваць. Рабіць тое, што кожны можа рабіць на сваім месцы, і чакаць нейкага новага збегу абставін. Усё можа змяніцца пад уплывам нейкіх чыннікаў вельмі нечаканых, якія сёння прагназаваць немагчыма. Тое, што называецца Чорны лебедзь, які прыляціць нечакана і ўсё памяняе.

Похожие материалы