Як Расія штурхае Беларусь у канфлікт з NATO, расказаў Сяргей Бульба
Фота: narovlya.by
Нагадаем, спікеры абвінавацілі ўсіх каго заўгодна па перыметры вакол Беларусі з Поўдню і Захаду ў падрыхтоўцы ўзброеных правакацый. Усе нармальныя людзі – падзяліўся сваім меркаваннем Сяргей Бульба – разумеюць, што беларускія вайскоўцы з усіх сілаў умацавалі беларуска-ўкраінскую мяжу са свайго боку. Акрамя іх, таксама павялічылі на гэтай мяжы колькасць сваіх цеплавізараў прадстаўнікі Расі. Гэтая мяжа, такім чынам, абсалютна нязручная для нейкага транзіту зброі. Беларускія сілавікі, верагодна, гэта таксама разумеюць, і нейкіх паставак зброі чакаюць хутчэй праз мяжу з Расіяй, чым з Украінай.
Таму міліцыя перыядычна выстаўляе пасты на беларуска-расійскай мяжы. То нейкія дарожкі лясныя перакапае, то яшчэ нешта.
Што ж да заявы Церцеля, што беларускае КДБ нібыта прадухіліла атаку дронамі з боку Літвы, то гэта, на думку Сяргея Бульбы, чыстая ІПСА. Ніякіх самалётаў ці верталётаў для адбіцця атакі дронаў у паветра не падымалася, інфармацыі пра збіццё беспілотнікаў не паступала – значыць, нічога падобнага і не адбывалася ў прынцыпе, а гэтая інфармацыя была патрэбна Церцелю выключна, каб выслужыцца перад Лукашэнкам.
Адначасова, запуску ніякіх дронаў па Беларусі са сваёй тэрыторыі ні Літва ні Польшча не дапусцяць, адзначыў палітычны аглядальнік. Літоўцы і палякі цудоўна разумеюць, што любая падобная правакацыя будзе выкарыстаная Расіяй для таго, каб беларускія войскі раптоўна ўварваліся ў Літву:
Паглядзець чыста для Пуціна, прамацаваць, наколькі НАТА гатовае прымяняць “пяты параграф” і якія алгарытмы яны ўключаць. У Літве ёсць свае спецслужбы, яны б гэтага не дапусцілі. Усе беларусы зараз пад такім павелічальным шклом у Літве, што ніхто нічога падобнага і зрабіць не мог бы.
Вядучы стрыма Яўген Казакевіч звярнуў увагу суразмоўцы на той факт, што каментуючы заяву Церцеля у Дзяржаўнай думе Расійскай Федэрацыі паабяцалі ўступіцца, “калі беларускія чэкісты дакажуць рэальнасць пагрозы”.
Каментуючы гэтую заяву, Сяргей Бульба адзначыў, што гэта сведчыць менавіта пра верагоднасць той самай правакацыі, якая выгодная Расіі – каб беларускімі рукамі стварыць канфлікт не Расія – краіна NATO, а менавіта Беларусь – краіна NATO.
Дзе ў Беларусі захоўваюць ядзерную зброю?
Лукашэнка на пасяджэнні УНС заявіў, што ў Беларусі размешчана некалькі дзясяткаў атамных боепрыпасаў. Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра бомбы і боегалоўкі для ракет. Ці існуе пацвярджэнне гэтым словам Лукашэнкі, што ядзерная зброя ўжо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі? – спытаў суразмоўцу вядучы Яўген Казакевіч.
У публічнай інфармацыйнай прасторы на гэты конт існуюць розныя версіі, але гэта пакуль менавіта версіі – падкрэсліў Сяргей Бульба. Канкрэтнай інфармацыі пра гэта няма.
Я падкрэслю, што ядзерная зброя, гэта апроч усяго яшчэ і абслугоўванне. Па гэтым крытэрыі ў нас лепш за ўсё падыходзіць Коласава. Гэта старая савецкая база РВСП, і адтуль па лініі ракетна-артылерыйскага ўзбраення афіцэры некалькі разоў ездзілі ў Маскву на павышэнне кваліфікацыі. Плюс пра гэтую базу ў Коласава можа сведчыць тое, што комплекс С-400 “Трыумф”, які Беларусь атрымала ад Рсііі, быў размешчаны менавіта там. Яго, відаць, паставілі там, дзе ёсць што пільнаваць.
Іншы патэнцыяльны аб’ект, на думку аналітыка – ваенны аэрадром Зябраўка. Там ёсць і комплексы С-300 і С-400 пад расійскім камандаваннем. Частка тэрыторыі абнесеная калючым дротам яшчэ з тых часоў, калі адбылася агрэсія Расіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі. Акрамя калючага дроту – мінныя палі, і беларускія спецслужбісты, якія не пускаюць на тэрыторыю нават іншых беларускіх сілавікоў – такія выпадкі ўжо адбываліся.