1991 год. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў назву беларускай дзяржавы – Рэспубліка Беларусь і яе дзяржаўныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».
Бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” – заставаліся галоўнымі дзяржаўнымі сімваламі да 7 чэрвеня 1995 года.
У беларусаў даўняя традыцыя выкарыстання чырвонага і белага колераў у арнаменце. Іх спалучэнне і стала асновай для стварэння эскіза бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзіям Дуж-Душэўскім.
«Пагоня» – спачатку была асабістым гербам Уладзіслава Ягайлы, пазней – роду Гедзімінавічаў. Атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім пры Вітаўце.
«Пагоня» была дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-1919 гадах і Рэспублікі Беларусь да 7 чэрвеня 1995 года.
14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

1551 год. Нарадзіўся Генрых III Валуа.
Герцаг Анжуйскі, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, кароль Францыі (1575-1589).
Прабыў польскім каралём і вялікім князем менш за 4 месяцы: 24 лютага 1574 года быў каранаваны, а па смерці 30 мая французскага караля тайна выехаў з Кракава.
У Францыі Генрыха абралі каралём пад імем Генрыха III.
У Рэч Паспалітую ён не вярнуўся, але да канца жыцця карыстаўся тытулам караля польскага і вялікага князя літоўскага.

1730 год. Каранацыя Жыровіцкага абраза Маці Божай папскімі каронамі.
Шануецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны абраз.
Знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. Свята Жыровіцкай Божай Маці адзначаецца 7 мая.
Абраз з’явіўся ў Жыровіцах у 1470 годзе.

1797 год. Нарадзіўся Януар Сухадольскі.
Жывапісец-баталіст.
Удзельнічаў у руска-іранскай вайне (1826-1828), быў пры штабе фельдмаршала Івана Паскевіча. На яго заказ напісаў цыкл карцін, прысвечаных кампаніі.
Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў.
Частка яго карцін захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” ў Мінску, у Гомельскім краязнаўчым музеі.

1917 год. Беларуская мова ў школах.
Нарада настаўнікаў сярэдніх навучальных устаноў заходняга краю, якая праходзіла ў Магілёве, прыняла рэзалюцыю аб неабходнасці выкладання ў народных класах беларускіх губерняў на беларускай мове.

1958 год. Нарадзіўся Ігар Цішын.
Мастак, жыве і працуе ў Бельгіі.
Яго творам уласцівыя рысы адмовы ад традыцыйных формаў мастацтва, гратэск, алагізм.
Першым у постсавецкай беларускай культуры адкрыў новы патэнцыял партызанскай тэматыкі.
У іранічным вобразе партызана – ляснога жыхара-падпольшчыка, які хаваецца ўнутры любой сістэмы – новая беларуская культуралогія шукае шлях да нацыянальнай ідэнтычнасці.

2020 год. У Мінску і іншых гарадах адбыліся жаночая пратэстная акцыя «Бліскучы марш», а таксама «Дзень сцяга, марш раёнаў».
Удзельніцы былі апранутыя ў адзенне з бліскаўкамі.
«Дзень сцяга, марш раёнаў», прымеркаваная да надання Вярхоўным Саветам бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статусу дзяржаўных сімвалаў незалежнай Беларусі.
Было схоплена сілавікамі блізу 400 чалавек.
