Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

У Беларусі вырасла загрузка складскімі запасамі. Лідар – сталічны рэгіён

На Магілёўшчыне заляжалай прадукцыі ў параўнанні з мінулых годам паболела на 13,5 працэнтаў. Кошт не прададзенага сягае 622,4 мільёнаў рублёў.

Рэсурс Banki24.by піша, што ва ўсіх рэгіёнах павялічыўся ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам. Асноўны аб’ём не прададзенага генеруе дзяржаўны сектар.

«На 1 жніўня 2022 года запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў склалі 8,024 млрд. BYN у эквіваленце. У грашовым выражэнні прыбаўка ў складскіх запасах за 12 месяцаў (слізгальны год) склала 53,3%», – паведамляе выданне.

Паводле яго, цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ў ліпені ў параўнанні з ліпенем мінулага году выраслі на 15,8 працэнтаў і на столькі ж узняліся за 7 месяцаў у параўнанні з 7 месяцамі 2021-га. Таму, рост складскіх запасаў за слізгальны год адбыўся і ў рэальным выражэнні – больш чым на 32%.


За студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2 працэнты да ўзроўню 2021 году. Выраб прадукцыі за 7 месяцаў знізіўся ва ўсіх абласцях і ў Мінску – у Брэсцкай на 3,4 працэнты, у Віцебскай на 5,8 працэнтаў, у Гомельскай на 4,1 працэнт, у Гродзенскай на 4,7 працэнты, у Мінскай на 14,7 працэнты, у Магілёўскай на 4,4 працэнты, у Менску на 1,8 працэнтаў.


Паводле Banki24.by лідарства па грашовым эквіваленце запасаў захапіла Мінская вобласць з 1,630 мільярдаў рублёў. Узровень не прададзенага да сярэднямесячнага вырабу прадукцыі ў рэгіёне склаў 80,1 працэнт (76,4 працэнта годам раней).

Найвышэйшыя суадносны запасаў прадукцыі паказала Гродзенская вобласць – 91,7% ад сярэднямесячнага вырабу (61% годам раней). У грошах на складах рэгіёну ляжыць не прададзенага тавару на 1 мільярд 188 мільёнаў рублёў.

У астатніх абласцях паказчыкі былі наступнымі:

– Брэсцкая – 919,7 млн ​​BYN (75,3% супраць 57,7%);

– Віцебская – 1,262 млрд BYN (88,9% супраць 44,4%);

– Гомельская – 1,049 млрд BYN (42 % супраць 22,5%);

– Магілёўская – 622,4 млн BYN (66,3% супраць 52,8%).

Фота мае ілюстрацыйны характар

У Магілёве паядналі «містычную» графіку са станковай скульптурай і выйшла незвычайная выстава ў прыватнай галерэі. Пераканайцеся самі, паглядзеўшы фота

У галерэі Андрэя Вераб’ёва разгорнутая выстава з творамі малавядомых шырокай публіцы мастакоў – Віктора Дэ Буга і Генадзя Кутовіча. Сваю супольную экспазіцыю яны назвалі «Успаміны пра будучыню». Яе адкрыццё адбылося 25 жніўня.


Галерэя Андрэя Вераб’ёва створаная ў 2017 годзе для папулярызацыі сучаснага мастацтва, адкрыцця новых імёнаў маладых мастакоў, правядзення творчых сустрэч, персанальных і калектыўных мастацкіх выставаў. У ёй ладзяцца прэзентацыіі літаратурных і музычных твораў, а таксама праектаў.


Мастак-графік Віктор Дэ Буг

Віктор Дэ Буг прадставіў вялікую калекцыю сваёй «містычнай» графікі. Мастак нарадзіўся ў Магілёве, вучыўся ва Ўніверсітэце мастацтваў і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Віктор Дэ Буг не толькі графік, але і аўтар артыкулаў і кніг пра Марка Шагала і Казіміра Малевіча, гісторыка-культурнай канцэпцыі шляху «З варагаў у грэкі». Ён дапамог аформіць экспазіцыі ў 18 музеях.

Графіка мастака, прадстаўленая ў галерэі, сведчыла, што ён прыхільнік «шматвектарнага сінтэзу мастацтваў у глабальным інфармацыйным асяроддзі».

У сваім выступе Віктор Дэ Буг падкрэсліў: мы жывем на зломе двух тысячагоддзяў і таму, важна пранікнуцца графікай часу, бо лінейная графіка – гэта «Світкі часу», якія закранаюць вечныя тэмы розных эпох.

Мастак-дэкаратар Генадзь Кутовіч

Наведнікаў зацікавілі станковыя скульптуры Генадзя Кутовіча. Ён таксама выпускнік мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Машэрава.

Працы Кутковіча ўдала ўпісаліся ў інтэр’ер, вонкава, нібыта, адцяняючы аднастайнасць графікі свайго калегі. 

Работы мастака-дэкаратара магілёўскага драматычнага тэатру – адкрыццё гэтага года. У скульптуры ён адназначна новае імя для Магілёва. Ягоныя працы выклікалі фурор на тэатральным дывертысменце, пра які пісаў   Магілёў.media.

Завяршылася адкрыццё выставы выступленнем рок-групы «Барон Мюнхаўзен». Паслухаць музыкаў прыйшлі не толькі аматары, але і старыя магілёўскія рокмэны.

Уваход на выставу цягам бліжэйшага месяца свабодны і бясплатны. Галерэя Верабʼёва месціцца на Дубравенцы, побач з спартовай базай лучнікаў.

«Дняпро ў тумане». Прыгожае фота ранішняга Магілёва

Туман над ракою не пакідалі без увагі многія беларускія літаратары. Яны пазнаходзілі плойму эпітэтаў гэтай прыроднай з’яве: туман-блакіт, туман-імжа, туман-малачай, туман-тугадум.

Гараджане, занятыя клопатам аб будзённасці, зрэдку зважаюць на яе, але дарма.

Фотаздымак з відам на пойму Дняпра ў ранішнюю пару даслала Магілёў.media чытачка.

«Раніцай ужо так… Лета заканчваецца…», пракаментавала яна свой твор.

 

Да +33 з жоўтым узроўнем небяспекі. Надвор’е ў Магілёве

Спёка не пакідае край.

Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве! Абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі.

26 жніўня ў Магілёве сіноптыкі прагназуюць невялікую воблачнасць. Без ападкаў. Тэмпература паветра +31+33°C. Вецер няўстойлівы, 3-8 м/с.

У дзённы час у многіх мясцінах краіны максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С, у паўднёвых раёнах +33+34°С, у Мінску максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С.

Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, якія падаюць звесткі аб гісторыі надвор’я, найніжэйшую тэмпературу жніўня фіксавалі ў Магілёве ў 2015 годзе – +10°С.

Годам раней 3 жніўня было найцяплей – +26°С

 

Беларусь зноў аплаціла працэнты па еўрааблігацыям беларускімі рублямі

У чэрвені ўрад заявіў, што Беларусь будзе выконваць знешнія даўгавыя забавязанні ў рублях, а не ў валюце, у якой размяшчаліся аблігацыі. Адпаведную пастанову прынялі Савет Міністраў і Нацыянальны банк краіны 6 красавіка 2022 «Аб часовых мерах па выкананні знешніх дзяржаўных даўгавых забавязанняў».

Неўзабаве рублямі Беларусь і разлічылася. У канцы чэрвеня яна мела выплаціць утрымальнікам еўрааблігацыяў 22,9 мільёны долараў.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s тады расцаніла рублёвыя выплаты па дзяржаўным доўгу як невыкананне краінай забавязанняў, што азначае дэфолт, нагадвае рэсурс Myfin.

Выданьне, спасылаючыся на Міністэрства фінансаў, піша, што 24 жніўня Беларусь ўноў зрабіла плацеж у рублях па працэнтах еўрааблігацыяў з тэрмінам пагашэння ў 2026 і 2031 гадах – яго сума склала 38,6 мільёнаў у эквіваленце.

Беларускі бок тлумачыў сваю пазіцыю немагчымасцю выконваць забавязанні па каштоўных паперах у замежнай валюце, бо замежная разлікова-клірынгавая інфраструктура не можа забяспечыць пераказ сродкаў утрымальнікам праз санкцыі супраць краіны.

Дняпро. Пачынайма дзень з прыгожага відэа пра Магілёў

Наш горад вечны, пакуль праз яго цячэ велічны Дняпро. Ён асноўны сімвал Магілёва. Многія з нас, тлумачачы, дзе месціцца горад, пасля згадкі пра Беларусь, абавязкова называюць Дняпро. Ён сёлета хоць і абмялелы, але сваім лёсам абнадзейвае нас і запэўнівае, што найлепшае наперадзе.

Дзень у гісторыі: 25 жніўня. Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Нарадзіліся: пісьменнік Уладзімір Арлоў, друкар Сімяон Полацкі. Памерлі: дзеяч беларускай эміграцыі Вацлаў Пануцэвіч, фізік, праціўнік будаўніцтва ў Беларусі АЭС Васіль Несцярэнка

1991 год. Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону.

Гэтым самым Беларусь афіцыйна абвясціла сябе незалежнай дзяржавай.

Сведкамі падзеі былі тысячы беларусаў, якія прыйшлі да Дому ўраду, на заклік апазіцыйнай францыі Вярхоўнага савету.

Пад ціскам апазіцыі камуністычная большасць, па правале ў Маскве путчу, пагадзілася з прапановамі апазіцыі. Сярод якіх былі абвяшчэнне незалежнасці, пытанне аб адказнасці кіраўніцтва Вярхоўнага Савету за бяздзеянне ў дні путчу, аб забароне КПБ-КПСС, аб стварэнні ўласнага войска.

Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі Вярхоўны Савет прыняў 27 ліпеня 1990 году. Гэты дзень стаў Днём незалежнасці Беларусі. У 1995-ым Лукашэнка, якога годам раней выбралі прэзідэнтам, на ініцыяваным ім рэферэндуме змяніў дату Дня незалежнасці, а таксама дзяржаўную сімволіку краіны.

1680 год. Памёр Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч).

Дзеяч, пісьменнік, энцыклапедыст-асветнік.

Аўтар вершаў, п’есаў, падручнікаў, філасофскіх твораў.

Скончыў Кіева-Магілянскую, Віленскую езуіцкую акадэміі. Выкладаў у брацкай школе ў Полацку.

Лічыў, што сапраўдны цар – той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран – рабуе і крыўдзіць падданых.

У Полацку з 1994 года працуе Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Пастаўлены яму помнік.


1780 год. Нарадзіўся Ігнат Анацэвіч.

Гісторык і педагог, прафесар Віленскага ўніверсітэту.

Адзін са стваральнікаў нацыянальнай беларускай гістарыяграфіі.

Стваральнік першага спецыялізаванага ўніверсітэцкага курсу па мінуламу беларускага і літоўскага народаў.

Стварыў цэласную карціну гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, склаў перыядызацыю гісторыі ад 1009 да 1569 гадоў ды распрацаваў класіфікацыю гістарычных крыніц.

1932 год. Нарадзіўся Пятрусь Макаль.

Пісьменнік, паэт, драматург, перакладчык.

Аўтар блізу 20 зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, вершаваных п’есаў паводле фальклорных матываў. Іх ставілі ў тэатры юнага гледача і іншых тэатрах.

Яго творы перакладзены на многія мовы.


1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Арлоў.

Пісьменнік, паэт, гісторык.

Майстар гістарычнай прозы, іранічны эсэіст.

Адзін з найбольш папулярных, прадуктыўных (каля 70 кніг) і тытулаваных (з дзясятак літаратурных і выдавецкіх прэміяў) сучасных літаратараў.

Яго творы перакладзены на дзясяткі моваў. Ягонае эсэ «Незалежнасць – гэта…» перакладзенае больш, чым на 25 моваў. Яно напісанае ў 1990-ым.

Ён аўтар вядомых кніг «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (у суаўтарстве з гісторыкам Генадзем Сагановічам), «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

Аўтар сцэнарыяў навукова-дакументальных фільмаў «Еўфрасіння Полацкая», «Полацкія лабірынты», «Сімяон Полацкі» і іншых.


1991 год. Памёр Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).

Гісторык, дзеяч беларускай эміграцыі.

Адзін з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў» у Заходняй Беларусі.

У ЗША ўзначальваў Задзіночанне беларускіх скаўтаў на чужыне, Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства, выдаваў каталіцкія часопісы.

Апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову літургію Іаана Залатавуста, «Падарожжа Гулівера…» Джонатана Свіфта.

Даследчык гісторыі Літвы і Беларусі, беларускага скаўтынгу, вышэйшых школ Беларусі, Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.


2008 год. Памёр Васіль Несцярэнка.

Фізыік, спецыяліст у галіне ядзернай энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі.

Аўтар больш за 300 навуковых працаў і 320 вынаходніцтваў.

Праціўнік пабудовы АЭС у Беларусі.

Удзельнік ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, дамагаўся выселіць людзей з зоны радыусам 100 км ад атамнай станцыі.

Дырэктар Інстытуту ядзернай энергетыкі АН БССР, незалежнага беларускага інстытуту радыяцыйнай бяспекі «Белрад».

За сваю дзейнасць быў звольнены з працы і зазнаў пагрозы ад КДБ. Страшылі адправіць у псіхіятрычную лякарню.


2019 год. Памёр Пятро Васючэнка.

Літаратуразнаўца.

Працаваў загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэту.

Даследчык сучаснай беларускай драматургіі, спадчыны Янкі Купалы.

Аўтар літаратурна-крытычных работ, даведніка «Вялікія пісьменнікі XX стагоддзя», кніг прозы.

Яго творы перакладзены на еўрапейскія мовы.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.


 

Беларуская адукацыя становіцца ўсё больш папулярнай за мяжой, сцвярджае міністр Іванец. Але ў каго?

Урадовец называе краіны, адкуль прыязджаюць вучыцца замежнікі, але вядома, што сярод іх пераважаюць студэнты з Сярэдняй Азіі і Блізкага ўсходу. Еўрапейцаў вобмаль. Пытанне аб прысутнасці Беларусі ў еўрапейскай адукацыйнай прасторы наагул адкрытае.

Колькасць замежных студэнтаў сягнула 32 тысяч.

Паводле міністра адукацыі Андрэя Іванца ў Беларусі вучацца студэнты з 107 краін і за апошнія пяць гадоў колькасць замежных студэнтаў павялічылася з 17 тысяч да 32 тысяч.

vsu.by

З якіх менавіта краёў прыязджаюць у Беларусь ахвотнікі атрымаць вышэйшую адукацыю, Іванец не сказаў, адзначыўшы, што «беларуская адукацыя становіцца ўсё больш папулярнай за мяжой», паведамляе БелТА.

З еўрапейскіх краін – Малдова, Сербія.

У спакайнейшым для Беларусі 2019 годзе, паводле рэсурсу President.gov.by, у мясцовыя ўніверсітэты паступалі грамадзяне з Туркменістану, Кітаю, Узбекістану, Расіі, Шры-Ланкі, Таджыкістану, Лівану, Індыі, Ірану, Казахстану, Азербайджану.

З еўрапейскіх краін згадваліся Малдова, Сербія.

«У 2019 годзе Міністэрства адукацыі падпісала міжнародныя дамовы з Кітаем, Турцыяй, Сірыяй, ААЭ, Егіптам, Узбекістанам, Таджыкістанам, Сербіяй, а таксама міжведамасную праграму развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі на 2019-2021 гады з Кубай. Уступілі ў сілу міжнародныя пагадненні з Бразіліяй і Малдовай. Установы адукацыі заключылі 628 прамых дамоваў з навучальнымі ўстановамі 44 краін свету», – адзначана на сайце President.gov.by.

Што з Балонскім працэсам?

Пасля падзеяў звязаных з вайной ва Ўкраіне, пад падгрозай аказалася прысутнасць Беларусі ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. 11 красавіка 2022 году Назіральная група па Балонскім працэсе апублікавала рашэнне аб прыпыненні прадстаўніцтва ў ім у кампаніі з Расійскай Федэрацыяй.

reform.by

Паводле Андрэя Лаўрухіна, эксперта ў сферы адукацыі, навукі і інавацыяў і прадстаўніка грамадскай платформы «Рэфармуем сістэму адукацыі разам!», рашэнне аб удзеле Беларусі ў Балонскім працэсе пакуль не прынята. Калі тое адбудзецца, кажа ён у інтэрв’ю выданню, якое ўлады прызналі «экстрэмісцкім», то гэта можа стаць катастрофай.

«Беларуская адукацыя рускамоўная, і ў яе няма магчымасці трымацца ў баку ад рускамоўнай прасторы. – лічыць ён. – А там Расія зʼяўляецца галоўным аператарам і мадэратарам усіх працэсаў у вышэйшай адукацыі. І Беларусь не вытрымае канкурэнцыі, яна будзе проста паглынутая больш мадэрнізаванай і канкурэнтаздольнай сістэмай».

Выбар: Расія, ці Еўропа.

Па словах Андрэя Лаўрухіна, беларуская адукацыя стаіць між выбарам – калі не еўрапейская прастора, то расійская і «іншага проста няма».

«Мы нават не можам існаваць аўтаномна. Гэта будзе сімвалічная інстытуцыйная акупацыя. – мяркуе ён. – І дзверы на Захад для моладзі зачыняцца так, што не ўдасца прасунуць нават нос. Гэта будзе катастрофа, таму важна захаваць хаця б культурную і адукацыйную сувязь з Заходняй Еўропай, не рваць гэтыя сувязныя ніткі».

 

Запрацаваў сайт з дадзенымі аб культурных каштоўнасцяў Беларусі. Магілёўшчына на ім пакуль “пустая”, але працуе і альтэрнатыўны сайт

Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі – фундаментальны збор усіх наяўных у краіне матэрыяльных і нематэрыяльных помнікаў культуры. У Магілёва, тым часам, ёсць свая інтэрактыўная мапы, якая функцыянуе блізу году.

Як адзначае кіраўнік тэлеграм-каналу «Спадчына.Размовы», калісьці ён рабіўся «на каленцы» і не меў выхаду на шырокую аўдыторыю. Цяпер жа размяшчаецца ў дзяржаўным сегменце беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, у даменнай зоне gov.by, і ўжо пачаў паўнавартасную працу.

На ім падрабязны спіс усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей, прычым кожная з іх мае сваю асобную старонку, дзе прыводзіцца месцазнаходжанне, даціроўка, стыль, гістарычнае апісанне помніка.

Сайт патрабуе дапрацоўкі. Так, інтэрактыўная мапа па Магілёўшчыне пустая. Таксама бракуе гістарычных выяваў. Не прадугледжаная зваротная сувязь з наведнікамі, якія маглі б аператыўна паведаміць пра парушэнні заканадаўства на помніках.

Для жыхароў Магілёва адсутнасць інтэрактыўнай мапы кампенсуецца тым, што ўжо каля году функцыянуе альтэрнатыўны сайт. На ім у выглядзе інтэрактыўнай мапы прадстаўленыя ўсе помнікі гораду і ваколіц, як актуальныя, гэтаксама страчаныя і тыя, якія ў перспектыве маглі б папоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.