У школах Касцюковіцкага раёна дэфіцыт настаўнікаў-прадметнікаў, але праблема настаўніцкіх кадраў толькі ўзмацняецца па ўсёй Беларусі.
Пра нядаўнюю педагагічную нараду ў Касцюковічах у школе №2 распавядае, у прыватнасці, сайт Магілёўскага абласнога аб’яднання праўладных прафсаюзаў. Як аказалася, нягледзячы на значныя бюджэтныя асігнаванні, кадравы дэфіцыт па-ранейшаму застаецца галоўнай праблемай у беларускай адукацыі. Паводле паведамлення, гэтая праблема наўпрост звязаная з пытаннем замацавання маладых спецыялістаў і іміджам прафесіі.
Што ж з гэтым іміджам не так і чаму ж моладзь не імкнецца звязваць сваё працоўнае жыццё з педагогікай? Вось што на гэта адказала начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава.
“Не апошнюю ролю ў гэтым нярэдка гуляюць самі настаўнікі, якія ў штодзённасці фармуюць негатыўны імідж прафесіі. Нам пастаянна варта памятаць пра тое, які пасыл мы нясем у соцыум, які прыклад падаем маладому пакаленню. Акцэнтуючы ўвагу на цяжкасцях працы, мы спрэс забываемся пра плюсы, якіх вельмі нямала. Таму варта рэальна глядзець на сітуацыю і справядліва падсвятляць ўсе яе боку” – цытуе Здорыкаву раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.
Акрамя таго, кажа чыноўніца, звярнуць увагу варта на такія з’явы, як адток моладзі з краіны і замацаванне маладых спецыялістаў.
На гэта старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі Алена Бруева адказала, што агучаныя праблемы заўсёды ў фокусе іх увагі. “Прафсаюз будзе кантраляваць пытанні паляпшэння ўмоў працы і матэрыяльнага стымулявання педагогаў, асабліва ў дэфіцытных спецыяльнасцях. Без гэтага замацаваць моладзь у школах немагчыма. Не менш важна працаваць над іміджам прафесіі. Мы будзем больш актыўна распавядаць пра поспехі педагогаў, публічна адзначаць іх уклад. Важна аб’ектыўна казаць пра ўсе бакі настаўніцкай працы. Прафсаюз гатовы выступаць канструктыўным партнёрам у дыялогу з уладай” – заявіла яна.
Калі ж сапраўды аб’ектыўна казаць пра ўсе бакі настаўніцкай працы, то трэба ўзгадаць абавязковы ўдзел у фальсіфікацыях падчас так званых выбараў, бессэнсоўныя і нават шкодыя ідэалагічныя мерапрыемствы дзеля галачкі, стосы непатрэбных папер, якія мусяць запаўняць настаўнікі. Гэта тое, што, сярод іншага, адвароціць ад школы шмат каго з маладых людзей.
Калісьці даўно, стваральнік цяперашніх парадкаў у Беларусі, у якога Скарына тварыў у Піцеры, казаў: “Потеряем учителя — капец. Будем ходить пьяные и дурные”. Гледзячы па праблемах, якія агучылі на нарадзе ў Касцюковічах, усё так і адбылося.
Фотаздымак: “Голас Касцюкоўшчыны”