Палітвязень: заробак “экстрэмістаў” у шклоўскай калоніі ад 2 да 15 рублёў

За цяжкую працу на вытворчасці ў калоніі №17 у Шклове палітзняволеныя атрымліваюць ад 2 да 15 рублёў у месяц, распавёў былы палітвязень Аляксандр Катовіч.

Праца ў калоніі – на расійскую ваенную машыну

У няволі ў Беларусі грамадзянін Украіны айцішнік Аляксандр Катовіч правёў 837 дзён. Ён быў асуджаны па чатырох палітычных артыкулах за каментары, што асуджалі расійскую агрэсію на Украіны і яе патрымку з боку беларускага дыктатара. У сакавіку 2023 года яму прызначілі пяць гадоў зняволення і накіравалі ў Шклоўскую калонію №17. Там ён прабыў год і чатыры месяцы, піша “Наша ніва”.
Потым было нечаканае вызваленне па памілаванні і дэпатрацыя 22 лістапада 2025 года ва Украіну.

“Кажуць жа, што некалі Лукашэнка працаваў кантралёрам у гэтай калоніі – таму цяпер яна ўзорна-паказальная, туды часта прыязджае кіраўніцтва з іншых калоній, каб пераняць досвед. Знешне ўсё даволі няблага: газон, вентыляваныя фасады, увесь час робіцца рамонт… Новыя прыбіральні, тэлевізары, добра абсталяваны магазін і перагаворны пункт. Але я не аднойчы чуў, што ў іншых калоніях «экстрэмістам» жыць лягчэй” – распавёў Катовіч.

Мужчына працаваў на швейнай вытворчасці – разгладжваў прасам дэталі, з якіх потым шылі вопратку для расійскіх вайскоўцаў. За цяжкую працу, як і іншыя «экстрэмісты», атрымліваў смешны заробак – ад 2 да 15 рублёў штомесяц.

Дадому з мяшком на галаве

Пра тое, што яго перададуць Украіне, мужчына не ведаў да самага апошняга моманту. Пачалося ўсё з таго, што ўвечары 20 лістапада яму сказалі не ісці на працу ў начную змену. 

Пасярод ночы Аляксандра адправілі на КПП і загадалі ўзяць з сабой усе рэчы. “Разам са мной быў яшчэ адзін украінец, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яму, дарэчы, заставалася сядзець усяго 40 дзён. Нас абшукалі і паставілі ў «стакан» – узгадвае Катовіч.

Бліжэй да палудня супрацоўнікі калоніі зладзілі яшчэ адзін вобшук – выкінулі амаль усё. Аляксандру дазволілі пакінуць сабе дзве пары трусоў, дзве пары шкарпэтак, пальчаткі, шапку, целагрэйку, абутак, зубную пасту ды шчотку.

Доўгая дарога дадому пачалася 22 лістапада а 2‑й гадзіне ночы. Пасля чарговага вобшуку ўкраінцам паведамілі, што іх павязуць у СІЗА для правядзення следчых дзеянняў.

“Нас падвялі да белага Ford Transit, адзелі наручнікі, а на галовы накінулі мяшкі. Пасля гэтага ў мяне з’явіліся думкі, што хутчэй за ўсё павязуць за мяжу. Я раней чуў, што вось так, з мяшкамі на галовах, людзей вывозілі ў Літву. То я разумеў, што едзем ці ў Літву, ці ва Украіну” – кажа экс-палітзняволены.

Аляксандр Катовіч мяркуе, што сярод 31 адпушчанага украінца было 7‑8  палітзняволеных.

Фотаздымак: ”Наша ніва”

Чарговы палітзняволены з Гомельшчыны знайшоўся ў магілёўскай турме

Актывіста з Нароўлі Міколу Віткоўскага, месцазнаходжанне якога доўгі час не маглі высветліць праваабаронцы, трымаюць у СІЗА турмы №4 у Магілёве.

Цяпер стала вядома, піша “Гомельская вясна”, што Віткоўскага яшчэ ў верасні затрымалі супрацоўнікі КДБ. Улады яму інкрымінуюць абвінавачанне паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса «здрада дзяржаве».

Мікалай Віткоўскі – вядомы рэгіянальны актывіст і сябар партыі «Народная грамада». Раней сілавікі неаднаразова затрымлівалі яго па адміністрацыйных справах. Што менавіта стала падставай для адкрыцця супраць яго крымінальнай справы аб “здрадзе дзяржаве”, пакуль невядома. Не тлумачыцца таксама, чаму яго перавезлі менавіта ў магілёўскую турму, а не ў гомельскі СІЗА №3 або мінскі следчы ізалятар КДБ.

13 лістапада праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што ў той жа магілёўскай турме №4 утрымліваюць і грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго таксама абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, а яшчэ ў абразе беларускага дыктатара. Паводле наяўных звестак, абодва рэгіянальныя актывісты маглі трапіць пад пераслед у межах адной справы. І Віткоўскі, і Елісееў зніклі ў сваіх гарадах у верасні 2025 года.

Фотаздымак: “Гомельская вясна”

Палітзняволены філосаф Мацкевіч: Шклоўская калонія была найбольшай пакутай

Філосаф Уладзімір Мацкевіч большую частку свайго зняволення правёў у калоніі ў Шклове і турме ў Магілёве, дзе спазнаў катаванні і здзекі.

Гісторыя катаванняў у калоніі

Праз 14 месяцаў пасля затрымання з палітычных прычын у жніўні 2021 года філосафа Уладзіміра Мацкевіча перавялі з мінскага СІЗА спачатку ў Магілёў, а потым у шклоўскую калонію №17. Ён прызнаецца Праваабарончаму цэнтру “Вясна”: больш за ўсё хацеў выбрацца з камеры і «пабачыць неба», але не ўяўляў, што чакае яго ў лагеры.

Першае «парушэнне» Мацкевіч атрымаў праз дзесяць хвілін пасля прыезду за тое, што не павітаўся з начальнікам. Далей былі чарговыя правакатыўныя парушэнні і першыя суткі ў ШІЗА. У атрад філосаф трапіў ужо пасля ізалятара. Гэта быў так званы «казліны атрад», дзе сядзяць вязні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Ім загадалі не кантактаваць з Мацкевічам. Гаварыць яму дазвалялася толькі з заўгасам і вязнем-забойцам, які адбываў апошнія гады свайго тэрміну.

Адміністрацыя шукала любыя падставы для пакарання: за «няправільнае павітанне», «няпоўную запіскі пра рэчы» або за тое, што зняволены не так сеў. У выніку філосаф атрымаў каля 30 спагнанняў. За кожнае яму прызначалі ШІЗА або ПКТ, пазбаўлялі перадач і спатканняў.

Самым цяжкім стала катаванне холадам у ШІЗА: у камеры была толькі адна гарачая труба, прыціснуцца да якой немагчыма. «Я адціскаўся і прысядаў, каб не замерзнуць. Не ведаю, колькі скінуў вагі – паўтара месяца там былі пеклам» – кажа Мацкевіч.

Пасля чарговых парушэнняў яго выклікалі да начальніка. Калі палітвязень прапанаваў перавесці яго на турэмны рэжым, кіраўнік калоніі намякнуў і на магчымасць узбудзіць новую справу па арт. 411, што азначае павелічэнне тэрміна зняволення. У Мацкевіча ў той час абвастрылася грыжа, але меддапамога была мінімальнай: аперацыю не планавалі, бялізну не давалі, дазволілі толькі бандаж.

Суд па замене рэжыму адбыўся хутка, і Мацкевіча вярнулі ў турму №4 у Магілёве. «Турма стала палёгкай» – прызнаецца ён. Там ён сустрэў іншых палітвязняў, у тым ліку Аляксея Храловіча, які раскрыў КДБ-шныя матэрыялы па справе Рамана Бандарэнкі.

У Магілёве філосаф дамогся пастаноўкі ў чаргу на аперацыю. Пасля абследавання яго двойчы вазілі ў Рэспубліканскую бальніцу зняволеных у Калодзічы. «Лекары там прафесійныя, абсталяванне добрае, але этапы ў кайданках – прыніжальныя» – адзначае Мацкевіч.

Галоўны ўдар: страта сшыткаў

Найбольш балючай падзеяй зняволення філосаф называе не холад і не ШІЗА, а тое, што ў яго забралі ўсе сшыткі з чатырохгадовай працай. Спачатку ў студзені 2023-га зніклі пяць сшыткаў. Відаць, іх забрала спецслужба. Потым, падчас этапавання, у яго адабралі ўсё: лісты, фотаздымкі, нататкі.

«Гэта была мая праца, мая апора. Я страціў тое, што не змагу аднавіць. Гэта найгоршае, што са мной адбылося ў зняволенні» – кажа ён.

Прымусовы шлях у выгнанне

У верасні 2025 года Мацкевіча раптоўна вывелі з камеры і далі загад збірацца на вызваленне. Разам з іншымі палітвязнямі яго з закрытым тварам адвезлі ў СІЗА КДБ, дзе ўсе чакалі допытаў. Але замест гэтага іх прымусова перадалі літоўскім дыпламатам.

«Я не хацеў з’язджаць, бо не люблю эміграцыю і ведаю, што нічога добрага ад палітычнай эміграцыі не бывае. Я хацеў застацца ў Мінску, але не пайшоў па шляху Статкевіча, бо вярнуцца ў турму для мяне было непрымальна» – кажа філосаф, які цяпер знаходзіцца ў Літве.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

У магілёўскую турму змясцілі грамадскага актывіста з Калінкавічаў

У следчым ізалятары магілёўскай турмы №4 знаходзіцца грамадскі актывіст з Калінкавічаў Аляксандр Елісееў.

Аб тым, што актывіст знаходзіцца ў магілёўскай турме, гомельскім праваабаронцам паведамілі крыніцы ў гэтай пенітэнцыярнай установе. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінуюць «здраду дзяржаве» і «абразу Лукашэнкі».

Што менавіта сілавікі палічылі «злачыннымі дзеяннямі» Елісеева, пакуль невядома. Не раскрываецца і дата яго затрымання, як і прычыны, чаму яго даставілі не ў гомельскі СІЗА №3, а адразу ў Магілёў.

Аляксандр Елісееў – грамадскі актывіст з Калінкавічаў, былы сябр ліквідаванай уладамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шмат гадоў ён займаўся незалежным назіраннем за выбарамі розных узроўняў і неаднаразова фіксаваў парушэнні выбарчых працэдур. На падставе гэтага ён заяўляў, што рашэнні нелегітымнай улады не абавязковыя да выканання, і рэгулярна адмаўляўся сплочваць штрафы па палітычна матываваных адміністрацыйных справах.

У 2020 годзе і пазней яго неаднаразова затрымлівалі, прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з такіх арыштаў, у лютым 2022 года, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, ён трымаў галадоўку. Тады расійскія вайсковыя падраздзяленні стаялі каля Калінкавічаў і Мазыра. Каб ізаляваць актывіста, яго абвінавацілі ў «дробным хуліганстве».

Апошняя яго публікацыя ў Facebook датаваная 24 красавіка. Пры гэтым у верасні яго яшчэ бачылі ў Калінкавічах. Елісееў – спецыяліст у галіне авіяцыйнай прамысловасці. Ён вучыўся ў Кіеўскім міжнародным універсітэце грамадзянскай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут), працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, потым – як праграміст у Беларусі. Аднак, пасля таго, як ён актыўна далучыўся да палітычнага жыцця, знайсці годную працу на радзіме ён ужо не мог.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

У шклоўскай калоніі палітвязням забаронена наведваць царкву і размаўляць па-беларуску

У шклоўскай калоніі №17 палітычныя зняволеныя па неафіцыйнай забароне пазбаўлены магчымасці наведваць месцы, дзе збіраюцца іншыя асуджаныя. Пра гэта распавёў былы палітвязень.

Былы палітвязень і журналіст Яўген Меркіс знаходзіўся  ў шклоўскай калоніі №17 з верасня 2023 года па верасень 2025 года, і быў прымусова вывезены ў Літву. Як ён распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, усім вязням з прафілактычным улікам №10, гэта значыць палітычным, было забаронена наведваць царкву, бібліятэку, спортзал і стадыён.

Забароны не былі афіцыйна зафіксаваныя, але дзейнічалі пастаянна. Адміністрацыя, па словах Меркіса, баялася кантактаў паміж палітвязнямі і іншымі зняволенымі. Вольны час яны маглі праводзіць толькі ў межах свайго атрада. Кнігі чыталі ўпотай, калі хтосьці з «белых» (звычайных вязняў) пакідаў іх у бараку.

Палітвязні былі пазбаўленыя спатканняў, а любое парушэнне, нават незашпілены гузік, магло прывесці да ШІЗА. Паводле Меркіса, асноўны прынцып жыцця ў калоніі: «зэк мусіць пакутваць і ўвесь час быць занятым». Вязні праводзілі на праверках некалькі гадзін штодня, займаліся бессэнсоўнымі працамі, напрыклад, «сеялі пясок».

Ежа ў калоніі была паўтаральнай: бульба, кашы, рыбныя катлеты з косткамі. Садавіна і малочныя прадукты адсутнічалі. Палітвязням дазвалялі траціць у краме толькі дзве базавыя велічыні на месяц.

Паводле былога зняволенага, у калоніі дзейнічае пастаянны псіхалагічны ціск: абразы, правакацыі, забарона размаўляць па-беларуску. Беларуская мова ўспрымаецца як праява грамадзянскай пазіцыі і можа прывесці да пакарання.

Меркіс правёў у штрафным ізалятары 16 сутак, з якіх 13 – у поўнай ізаляцыі. Пры гэтым у холадзе, без матраца і магчымасці адпачыць. Некаторыя вязні, па яго словах, «ледзь не вар’яцелі ад адзіноты».

Пасля вызвалення Яўген адзначае, што многія былыя палітвязні ў Беларусі сутыкаюцца з «посттурэмным ціскам»: цяжкасці з працаўладкаваннем, кантроль і праверкі. Сам ён прызнаецца, што «вучыцца нанова жыць і пазнаваць сябе».

«Ты змяняешся настолькі, што, калі выходзіш на волю, ужо не ведаеш, кім быў раней», – кажа Меркіс.

Даведка: Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса затрымалі восенню 2022 года за яго прафесійную дзейнасць. Яўген зняў відэа для “Белсат” і напісаў некалькі артыкулаў для рэгіянальнага партала “Флагшток”. Абодва медыя беларускія ўлады прызналі “экстрэмісцкімі фармаваннямі”. Палітвязня асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па “экстрэмісцкіх” артыкулах.

Фотаздымак: ПЦ “Вясна”

Палітвязня бабруйскай калоніі асудзілі яшчэ на два гады зняволення

Берасцейцу Паўлу Шпетнаму, які асуджаны па “справе анархістаў”, у бабруйскай калоніі №2 прысудзілі яшчэ два гады зняволення за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі.

Як паведамляе выданне анархістаў “АЧК-Беларусь”, рашэнне па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу ў дачыненні да Паўла Шпетнага суд вынес 8 кастрычніка 2025 года. За нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» Паўлу дадалі яшчэ два гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. На дадзены момант невядома, куды яго перавядуць з бабруйскай калоніі.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Павел быў затрыманы 2 сакавіка 2021 у межах крымінальнай справы, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху з Берасцейскай вобласці. Хлопцу прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак) і па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). У лістападзе 2021 з’явілася інфармацыя аб тым, што Паўлу інкрымінавалі таксама ч. 2 арт. 339 КК (Хуліганства, здзейсненае паўторна або групай асобаў).

6 верасня 2022 года Менскі гарсуд вынес вырак Паўлу: 6 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 рублёў).

Падчас следства маладога чалавека перыядычна выклікалі на размовы супрацоўнікі ГУБАЗіК, аказвалі ціск, каб ён даў паказанні супраць іншых затрыманых па гэтай жа справе. Павел імкнуўся не адказваць на пытанні і не рэагаваць на пагрозы.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года Паўла этапавалі ў бабруйскую ПК №2.

“Першы год у зняволенні Павел вельмі сумаваў – яму было цяжка прыстасавацца да ўмоў і ўсвядоміць, што яго чакае прысуд. Цяпер ужо прызвычаіўся і вырашыў заняцца самаадукацыяй – вывучае праграмаванне і англійскую мову (папрасіў сястру даслаць яму кнігі)” – піша “АЧК-Беларусь”

Фотаздымак: АЧК-Беларусь

У Магілёве дадаткова судзілі палітвязня, у якога ўжо 12 гадоў турмы

Асуджанаму на 12 гадоў калоніі палітвязню з Берасця, анархісту Аляксею Галаўко дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Разляд новай крымінальнай справы ў Магілёве ў дачыненні да Аляксея прайшоў яшчэ 5 верасня 2025 года, але вядома пра яго стала толькі на днях. Палітвязня прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Па звестках @belarus_abc, Аляксею дадалі яшчэ паўгода зняволення.

Як піша Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Аляксей родам з Берасця. Яго затрымалі 5 сакавіка 2021 года па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў анархісцкага руху. Пазней яму прызначылі 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў.

У сярэдзіне сакавіка 2023 года стала вядома, што палітзняволенага этапавалі ў магілёўскую калонію №15. Напрыканцы ліпеня стала вядома, што палітвязень утрымліваецца ў ПКТ.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Экс-палітвязень: у магілёўскай калоніі бачыў, як бензапіла рэзала твар людзям

Відэааператар і журналіст Вячаслаў Лазараў, які быў рэпрэсаваны ў 2023 годзе, распавёў пра здзекі ў магілёўскай калоніі №15 і жудасныя ўмовы працы зняволеных.

Вячаслава Лазарава затрымалі ў лютым 2023 года. Праз восем месяцаў яго асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі, а яго жонку Таццяну Пыцько – да трох гадоў калоніі (пасля апеляцыі жанчыну адпусцілі на волю). Падставай для пераследу стала іх супрацоўніцтва з “Белсатам”. Увесь гэты час іх дачка, якой на той момант быў адзін год, знаходзілася спачатку ў органах апекі, а затым – у бабулі.

Холад, знявагі і здзек

Напрыканцы лістапада 2023 года Вячаслаў Лазараў трапіў у магілёўскую папраўчую калонію №15. Ён прызнаецца, што чакаў хоць нейкай палёгкі пасля СІЗА – магчымасці ўбачыць неба, крыху адчуць паветра. Але рэальнасць аказалася куды страшнейшай.

“Калі мяне прывялі да начальніка калоніі, я пачаў размаўляць на беларускай мове, але мяне выгналі. Так адбывалася пяць разоў запар. Потым начальнік калоніі сказаў: “Ты супрацоўнічаеш з “Белсатам”? – Яны пра мяне кепскія рэчы пісалі. Ты ведаеш, што калі табе на вочы патрапіць вадкасць для апрацоўкі дрэваў – ты застанешся сляпым? Ага, у цябе задраны каўнерык – значыць, 15 сутак”. Так я ўпершыню трапіў у ШІЗА, з якога не вылазіў: за першыя паўгода я правёў там 80 дзён” – распавёў Вячаслаў Праваабарончаму цэнтру “Вясна”.

Ён апісвае ШІЗА як месца, дзе чалавека ламалі маральна і фізічна. Там – лёд на сценах, ложак на ланцугу без матраца, адзін халодны камплект адзення з надпісам «ШІЗА». Спаць можна толькі па паўгадзіны, бо прачынаешся ад холаду.

“Міску з ежай спецыяльна акунулі ў кашу, каб яна з яе сцякала, працягнулі яе ў акенца і смяяліся. І яшчэ казалі, што нешта дадалі туды. Я адразу зразумеў, што гэта здзек і не дакрануўся да ежы. Калі аддаваў назад, яшчэ засунуў туды кубак з гарбатай – каб так паказаць свой пратэст. На здзіўленне, кантралёр паглядзеў і нічога не сказаў” – кажа былы палітвязень.

Паводле Вячаслава, хоць фізічнага гвалту да палітвязняў ён не назіраў, маральны ціск быў паўсюль. Іх спрабавалі прымусіць да прыніжальнай працы, напрыклад, падбіраць недакуркі.

“Калі б я пагадзіўся праз няведанне, мяне б таксама перавялі ў нізкі статус. Але калі я паспрабаваў адмовіцца, мяне тут жа паспрабавалі выкрыць у тым, што я прытрымліваюся зладзейскіх паняццяў, а гэта фармальна забаронена. Тады я тлумачыў, што я не палю, таму для мяне гэта зневажальна, але я не адмаўляюся ад іншай працы. Але акрамя таго, яны могуць даць табе заданне перанесці ў адзіночку цяжкія рэчы – а гэта немагчыма. І калі ты просіш дапамогі, то гэта расцэньваюць як адмову ад працы. Вядома, у абодвух выпадках табе даюць парушэнні і закідваюць у ШІЗА. Я ўжо прыняў, што хутка ў мяне будзе 411-ы артыкул і змірыўся, але потым ціск прайшоў і пра мяне неяк забыліся” – распавёў Вячаслаў.

Умовы працы пагражаюць жыццю

Праца ў калоніі – цяжкая і небяспечная. Хоць афіцыйна працоўны дзень доўжыцца з 8 да 16, зняволеныя часта застаюцца да позняга вечара. Найбольшая частка працуе на дрэваапрацоўцы.

“На прамзоне я бачыў больш здарэнняў, чым за ўсё жыццё. Праз умовы працы выляталі бярвёны, ударалі па руках і нагах. Я бачыў, як адлятала бензапіла і рэзала твар людзям. Станкі настолькі старажытныя, што адна з дэталяў стрэліла ў столь і адрыкашэціла зусім побач з адным палітвязнем – а важыла яна кілаграм 20. Проста цуд, што яна не забіла яго” – адзначае былы палітвязень.

За сваю працу вязні атрымліваюць толькі сімвалічны заробак – каля сямі рублёў. Пры гэтым частку могуць вылічваць у якасці “кампенсацыі шкоды”. Асабліва цынічным, паводле Вячаслава, было тое, што частка вытворчасці працуе на вайсковыя патрэбы.

“Гэта тычылася і дэталяў, і адзення на швейнай вытворчасц. Адмовіцца было немагчыма, галоўная задача там – захаваць здароўе. Бальнічны там, дарэчы, давалі толькі з тэмпературай за 38. Я двойчы ляжаў у лякарні з пнеўманіяй пасля ШІЗА. Часцей людзі ідуць па дапамогу не да медыкаў, а адзін да аднаго: там жа сядзяць розныя людзі – ад дактароў да псіхолагаў. Таму ўсе імкнуліся дапамагаць адзін аднаму і абменьвацца інфармацыяй пра тыя ж памілаванні”.

У верасні 2025 года, праз два з паловай гады зняволення Вячаслаў стаў адным з тых, каго прымусова перамясцілі на тэрыторыю Літвы.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

Вязень магілёўскай калоніі: перад смерцю маці дасылала тэлеграму, а яе не перадалі

Былы палітвязень і экс-міліцыянт Мікалай Казлоў, які адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі №15, распавёў пра катаванні, карцары і расчараванне сярод беларускіх сілавікоў.

З карантыну ў ШЫЗА

У 2021 годзе старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова ў чарговы затрымалі і асудзілі на два з паловай гады пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Палову з гэтага тэрміну ён правёў у штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу, нярэдка трымаў галадоўкі і сядзеў у адзіночцы.

Гэта адбывалася ў калоніі №15 пад Магілёвам, піша Радыё Свабода. Паводле Казлова, яго мінулае ў міліцыі стала прычынай асабліва жорсткага стаўлення з боку адміністрацыі. Адразу пасля карантыну яго кінулі ў ШІЗА. Потым заўсёды сачылі, ціснулі, амаль год не дапускалі адваката, кажа былы палітвязень.

Нягледзячы на гэта, звычайныя вязні, паводле яго, ставіліся без варожасці. “Некаторыя “стукалі”, бывала, але гэта звычайная рэч” – кажа ён.

Пра цяжкія ўмовы ізалятара Казлоў неаднаразова гаварыў з кіраўніцтвам калоніі. Ён успамінае, як першы раз трапіў у ШІЗА адразу пасля карантыну:

“Дванаццаць афіцэраў сабраліся ў начальніка калоніі і пачалі мяне выхоўваць. Казалі пра здрадніка і сцяг, згадвалі паліцаяў і фашыстаў – уся гэтая агітацыя. Тады я іх пытаюся: а як быць з расійскім сцягам ды прапаную ім разабрацца, колькі расійскіх войскаў змагаліся пад трыкалорам за фашыстаў. І дыскусія спынілася. Таму потым мяне перасталі паказальна выхоўваць. Збяруцца ўтрох начальнік Лазарэнка з намеснікамі Федарэнкам ды Ігнаценкам і хуценька даюць ШЫЗА» – ўспамінае Казлоў.

Паводле яго, умовы ў ШІЗА і ПКТ былі надзвычай цяжкія. Скаргі на холад не дапамагалі, а ізаляцыя магла доўжыцца месяцамі.

«Ніхто ад добрага жыцця ня робіць суіцыд. У калоніі, калі захочуць, могуць зрабіць умовы невыноснымі. Удавіцца ў ШІЗА цяжка, бо там назіранне праз камеры, але, відаць, магчыма» – кажа ён.

Казлоў прыгадвае выпадак, калі да яго ў адзіночку падсадзілі чалавека з псіхічным захворваннем. “Ён спрабаваў ўдавіцца на цэпах, якімі нары прычапляюцца да сцяны. Ледзь паспеў яго выратаваць. Калі ж камусці ўсё ж удалося, то віна на кантралёрах», – падкрыслівае Мікалай Казлоў.

Мінус 30 кілаграмаў

За час у зняволенні Мікалай Казлоў страціў каля 30 кілаграмаў. “Падсілкавацца немагчыма. Да крамы не даходзіў – як чарга [ісці], дык кідаюць у ШІЗА. У іх ёсць шмат “падлянак”, каб зрабіць умовы нечалавечымі” – расказвае ён.

Першыя паўгода ў ПК-15 былы палітвязень працаваў на ачыстцы дратоў, але атрымліваў капейкі. Ён прыйшоў да высновы, што турэмная сістэма Беларусі абсалютна карумпаваная.

“Гэта абсалютна карумпаваная структура, у якой вязні як нявольнікі. Там, здаецца, раскрадаецца ўсё. Пакуты палітычных – гэта адна справа, а другая – нічым не прыкрытыя рабаванні. Прыкладам, вязні распісваюцца ў атрыманні новай вопраткі, а потым нічога не атрымліваюць. Дык гэта што?” – кажа Казлоў.

Маўчалі аб смерці маці

Мікалай Казлоў перакананы, што супрацоўнікі сілавых структур, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, павінны панесці адказнасць.

“Усе мусяць прайсці праз тое, праз што мы прайшлі: арышт, следства, суд, вязніца. Вось супраць мяне дакладна рабілі злачынствы, стваралі катавальныя ўмовы. Дык чаму гэта трэба дараваць? Не. Хай адкажуць паводле закону” – гаворыць былы палітвязень.

Ён адзначае, што міліцыянты ў 2020 годзе былі не аднароднымі. Была падтрымка пратэстоўцаў прыкладна ў 30% міліцыянтаў. Цяпер усё інакш. “У мяне склалася ўражанне нейкага змроку. Здаецца, міліцыянты вельмі расчараваныя. ГУБАЗіК і КДБ, верагодна, інакш сябе адчуваюць, але шараговыя міліцыянты ў роспачы” – мяркуе Мікалай Казлоў.

Асабістае гора стала для яго найцяжэйшым ударам. Пакуль Казлоў быў у калоніі, памерла яго маці, і ён нават не ведаў пра гэта, пакуль яе ўжо не пахавалі.

«Маці дасылала мне тэлеграму, а яе нават не перадалі. Потым сказалі, што маглі б адпусціць, калі б я ведаў раней. Але я даведаўся, калі было позна. Не магу гэтага дараваць» – кажа былы палітвязень, які цяпер знаходзіцца ў Бельгіі.

Фотаздымак: Радыё Свабода

“Нізкі статус” для палітвязняў – здзекі ў горацкай калоніі

Былому лідару партыі «Зялёныя» і палітвязню Дзмітрыю Кучуку ў Горацкай калоніі №9 прысвоілі «нізкі статус» – маргінальны турэмны маркер, што ператварае чалавека ў ізгоя.

Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў лютым 2024 года і асуджаны на шэсць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах і “заклікі да санкцый”. У няволі яму прысвоілі “нізкі статус”, а сем месяцаў ён правёў у адзіночнай камеры. У размове з “Вясной” ён распавёў, як адміністрацыя і крымінальныя «аўтарытэты» супрацоўнічаюць, каб прынізіць палітвязняў.

“Нізкі статус” па замове адміністрацыі

Паводле Кучука, “нізкі статус” яму прысвоілі па загадзе адміністрацыі, насуперак турэмным традыцыям. У атрадзе было каля 70 чалавек, з іх 20 з “нізкім статусам”, у тым ліку некалькі палітычных. Аператыўнікі загадалі аўтарытэтам прызначыць яму гэты статус, сцвярджаючы, што ён ўзначальваў ЛГБТ-супольнасць. “Яны сказалі, нібы я ўзначальваў у Беларусі ЛГБТ-супольнасць. Пазней я ўжо не змог ад яго пазбавіцца. Хаця паводле ўсіх вараўскіх традыцый гэта было бяспраўе (беспредел). Бо ў мяне не было ніякіх “касякоў” (парушэнняў турэмных правілаў, за якія могуць прызначыць “нізкі статус”). Пазней за гэты статус я апынаўся ў ШІЗА і ПКТ” – кажа ён.

Падчас каранціну начальнік прапанаваў яму памыць умывальнік, а гэта дзеянне, якое ў турэмных нормах лічыцца прыніжальным. За адмову палітвязня адправілі ў ШІЗА на 17 сутак. Так адміністрацыя свядома правакавала парушэнні, каб пакараць.

Жыццё ізгоя

Асуджаных з «нізкім статусам» аддзяляюць ад іншых: асобныя ўмывальнікі, туалет, посуд і сталы. Ім забаронена сядаць разам і дзяліцца ежай або цыгарэтамі. “Бо сесці за стол – гэта канчатковае прызнанне “нізкага статуса”. Калі ты харчуешся асобна, ты паказваеш, што не згодны з гэтым” – тлумачыць Кучук. Такіх вязняў лічаць ізгоямі, прымушаюць мыць прыбіральні і выконваць брудную працу. Асуджаныя пазбягаюць кантактаў з імі, бо могуць самі атрымаць “статус”.

“Нізкі статус” маральна знішчае, кажа Дзмітрый: “Вязняў з “нізкім статусам” там называюць “петух”, “підарас”. Цябе пастаянна будуць маральна забіваць, здзеквацца”. Адмяніць статус амаль немагчыма. Гэта могуць зрабіць толькі крымінальныя аўтарытэты, але ў дачыненні да палітычных яны падпарадкоўваюцца адміністрацыі.

Сем месяцаў у адзіночцы

З усяго тэрміну ў калоніі Кучук толькі два тыдні правёў у жылой зоне, астатні час прабыў у ШІЗА і ПКТ у адзіночнай камеры. Там не дазвалялі чытаць, атрымліваць перадачы, не выдавалі матраса. “Адзінае, можна перакінуцца парай словаў з раздатчыкам ежы ды паслухаць галасы вязняў з суседніх камер” – узгадвае ён.

Сілавікі праз радыёхвалю гучна транслявалі абразы і правакацыі, распускалі чуткі пра яго сям’ю, каб маральна зламаць. Праз гэта вязні жылі ў пастаяннай напрузе, чакаючы памілавання, пра якое часта падманам абвяшчалі.

Салідарнасць і чалавечнасць

Нягледзячы на статус, Дзмітрый сустракаў праявы падтрымкі. Загадчык гаспадаркі ставіўся да яго без абразаў, даваў газеты і матрас. Іншыя вязні перадавалі хлеб, кавалак сала ці дробязі як знакі салідарнасці. “Пры ўсім тым, што крымінальныя аўтарытэты прысвоілі мне гэты статус, яны ж у прыватных размовах стасаваліся са мною даволі на роўных. Яны ўсведамлялі, што “статус” мне далі за палітыку. Калі на прамзоне іншыя мяне правакавалі, аўтарытэты гэтыя пытанні вырашалі” – кажа ён.

Пасля  дэпартацыі ў Літву Кучук аднаўляе здароўе і збіраецца працягваць палітычную дзейнасць. Былы палітзняволены кажа, што нягледзячы на працяглы тэрмін у адзіночнай камеры, ён усё ж такі не здзічэў.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”