Пяць буйнейшых праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі з сумеснай заявай з нагоды смерці палітвязня Андрэя Паднябеннага, якога знайшлі павешаным у папраўчай калоніі №15 у Магілёве.
Як адзначаюць праваабаронцы, на дадзены момант абставіны смерці Паднябеннага дакладна не расследаваныя. Аднак, паводле папярэдняй інфармацыі, ён падвяргаўся жорсткаму абыходжанню ў калоніі №15.
З 2021 года гэта дзявятая смерць палітвязня ва ўстановах Дэпартамэнта выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, адзначаюць аўтары заявы і робяць выснову аб неабходнасці неадкладных і канкрэтных захадаў улад для выпраўлення сітуацыі.
Таксама, паводле праваабаронцаў, з боку міжнароднай супольнасці наспелі тэрміновыя намаганні па вызваленні людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі ў месцах несвабоды па палітычных матывах.
«Мы працягваем падкрэсліваць, што кожная смерць палітвязня ў месцах пазбаўлення волі з’яўляецца следствам сістэмнай дзяржаўнай палітыкі бесчалавечнага абыходжання з людзьмі, заснаванага на палітычных матывах» – сказана ў заяве беларускіх праваабаронцаў.
Ад Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэта яны патрабуюць распачаць крымінальную справу па факце смерці Андрэя Паднябеннага, правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для ўстанаўлення прычын дадзенай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць аб яго выніках.
Дакумент падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Прававая ініцыятыва і Беларускі Дом правоў чалавека.
Фотаздымак: БелаПАН