Ліст пра Беларусь – пракуратура прыйшла ў дзіцячыя сады Магілёўшчыны

На думку прапагандыстаў Магілёўскай вобласці, малышы ў дзіцячых садах свядома разважаюць пра сэнс колераў і элементаў дзяржаўных сімвалаў.

Напісаць “ліст пра Беларусь” прапанавалі выхаванцам дашкольных устаноў адукацыі Магілёўшчыны. Гэта сумесны праект генеральнай пракуратуры і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Для правядзення патрыятычнай акцыі “Ліст пра Беларусь” пракурор Касцюковіцкага раёна наведаў Навасаматэвіцкі дзіцячы сад у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №1.

Дзяцей пастараліся апрануць так, каб пазбегнуць злашчаснага спалучэння белага і чырвонага колераў. 

І пайшло-паехала. Пракурор распавёў дзецям пра выкананне законаў, і яны, быццам бы, нешта зразумелі.

А далей адбылося неверагоднае. Як сцвярджаюць прапагандысты-казачнікі, дзеткі чатырох-пяці гадоў “напісалі для аднагодкаў з іншых краін маляўнічае пісьмо пра сваю Радзіму, яе дзяржаўныя і прыродныя сімвалы, гісторыю і традыцыі. Складаючы пасланне, вундэркінды разважалі пра сэнс колераў і элементаў Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба”.

І гэта яшчэ кветачкі. У рамках акцыі пракуратура, акрамя іншага, збіраецца распавесці дзеткам пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

Такія ж акцыі прайшлі і ў іншых райцэнтрах.

Праўда, у Глуску намеснік пракурора, на ўсялякі выпадак, заўважыў, што “пастараўся гаварыць на максімальна даступнай для малышоў мове”.

І гэта правільна. Улічваючы тое, што большасць выпускнікоў акадэміі кіравання ў нас пакуль яшчэ пішуць з граматычнымі памылкамі, а асобныя гісторыкі перакананыя ў тым, што Францыск Скарына жыў на Фантанцы, можна падумаць, што ў дзіцячых садах выхоўваюцца дзеці індыга.

Але ёсць больш рэалістычная версія падзей. Малышы, вядома, нічога не зразумелі з той ахінеі, якую неслі ім дарослыя. Прапагандысты, як заўсёды, зманілі, а ў псеўдапатрыётаў канчаткова з’ехала страхоўка ад уседазволенасці, калі палезлі са сваімі псіхадэлічнымі наратывамі ўжо і ў дзіцячыя сады.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

Клімавічы сталі горадам 245 год таму

Гарадскі статус, планіроўку вуліц, а таксама ўласны сімвал Клімавічы атрымалі ў спадчыну ад рускай імператрыцы Кацярыны ІІ

Наданне Клімавічам статуса горада адбылося ў 1777 годзе або 245 год таму, калі разам з усімі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Сумная падзея для краіны і нацыі, але магчымасць развіцця для паселішча.

У 1765 годзе Клімавічы сталі цэнтрам невялікага нягродавага (не гарадскога) староства — дзяржаўнага ўладання, якое здавалася ў арэнду і не было звязанае з выкананнем абавязкаў гродавага старасты. 

На той час Клімавічы былі зусім невялікім мястэчкам на ўсходзе Рэчы Паспалітай. Аднак з уваходжаннем у склад Расійскай імперыі статус мястэчка падвышаецца. У 1777 годзе распраджэннем імператрыцы Кацярыны ІІ Клімавічам надаецца статус павятовага горада, што паспрыяла далейшаму развіццю і зменам паселішча. 

У 1779 годзе зацвярджаецца новы план горада, згодна якому мяняецца традыцыйнае радыяльнае распалажэнне вуліц і пабудоў, цэнтрам якога быў пляц з касцёлам. Наступны этап развіцця і змен – 1781 год, калі  Клімавічы атрымоўваюць свой ўласны герб «у блакітным полі залатая пчала». Гэтая сімволіка для Клімавічаў і на сённяшні дзень з’яўляецца адметным сімвалам.  Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя Клімавічам быў створаны асноўныя рысы горада, які захоўваюцца да сёння.  

На фота: сядзіба Мяшчэрскіх 1867 года пабудовы ў Клімавічах

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Літва не прапусціла ў Беларусь вагоны з расійскай ваеннай сімволікай

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы заявіла, што праваахоўнікі спынілі цягнікі, якія рухаліся з Калінінградскай вобласці праз Беларусь у Расію. Памежнікі выявілі, што на некаторых вагонах знаходзіцца сімволіка паветрана-дэсантных войскаў Расіі.

«У адным цягніку было тры вагоны, у іншым – два. Пустыя вагоны мусілі рухацца праз Літву транзітам у Беларусь. Памежнікі не дазволілі гэтага зрабіць» – гаворыцца ў паведамленні.

Літва распарадзілася адчапіць пяць вагонаў з вайсковай сімволікай і адправіць іх назад у Калінінградскую вобласць. Пасля гэтага цягнікі прапусцяць транзітам.

 

Навіны пабрацімаў. У Даўгаўпілсе затрыманыя асобы, якія кралі сцягі Украіны і выказвалі падтрымку ваеннай агрэсіі Расіі

У горадзе пабраціме Бабруйску паліцыя заклікае жыхароў інфармаваць аб правапарушэннях супраць украінскіх бежанцаў, ці іншых дзеяннях, звязаных з вайной Расіі на Украіне.

___________________________________________________________

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці

________________________________________________________________________

Паводле паліцыі цяпер распачатыя крымінальныя і адміністрацыя справы на тых хто ўчыніў падобныя правапарушэнні.

61-гадовы мужчына 12 ліпеня ў стане алкагольнага ап’янення, выбіў шкло ў машыне, а таксама нанёс іншыя пашкоджанні, бо яго раззлаваў украінскі сцяг у салоне аўтамабілю. У момант хуліганскай выхадкі на вопратцы мужчыны была начэпленая георгіеўскую стужачку.

Затрыманаму інкрымінавана наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці. Таксама распачатыя дзве адміністрацыйныя справы за знаходжанне ў стане алкагольнага апʼянення ў грамадскім месцы ды за нашэнне сімволікі, якая праслаўляе СССР, піша газета «Наш горад».

Раззлавала ўкраінская сімволіка ў машыне і маладога чалавека 2021 году нараджэння. Ён у кампаніі з іншымі асобамі біў па машыне нагамі. Яму пагражае крымінальная адказнасць за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці.

Паводле паліцыі, распачатыя яшчэ некалькі крымінальных працэсаў за крадзеж украінскіх сцягоў. Затрыманы мужчына 1996 года нараджэння, які 18 ліпеня выкраў з будынку ў Даўгаўпілсе сцяг, вывешаны ў падтрымку Украіны.

Пачата некалькі ведамасных праверак або адміністрацыйных працэсаў за размяшчэнне на абʼектах асяроддзя і інфраструктуры сімволікі ў падтрымку ваенных дзеянняў Расіі.

_____________________________________________________________

Даўгаўпілс горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.

фота з рэсурсу https://www.dsnews.ua/