«Бабушкіна крынка» “ахоплівае” амаль усе раёны Магілёўскай вобласці, але зарплата там сціплая.
Вакансіі, што прапануе ААТ «Бабушкіна крынка», адрозніваюцца высокімі патрабаваннямі, але пры гэтым не абяцаюць работнікам залатых гор.
Напрыклад, інжынеру-праграмісту заплацяць ад дзвюх тысяч рублёў у месяц. Пры гэтым ён павінен распрацоўваць праграмнае забеспячэнне «1С 8.3 Бухгалтэрыя» і ствараць розныя праграмныя модулі.
Больш чым сціплыя заробкі і па іншых вакансіях:
- інжынер-электронік – 1700–1800 рублёў;
- інжынер-механік аддзела па жывёлагадоўлі – 2500–3000 рублёў;
- мыйшчык-прыбіральшчык рухомага саставу – 950–1100 рублёў;
- вядучы спецыяліст службы эканамічнай бяспекі – 2000 рублёў;
- прыбіральшчык памяшканняў – 1000 рублёў;
- кладоўшчык – 1350–1500 рублёў.
Улічваючы, што паводле звестак Белстата сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў Беларусі ў верасні 2025 года склала 2 746,4 рубля, работнікаў ААТ «Бабушкіна крынка» багацеямі назваць нельга.
За выключэннем, вядома, былога гендырэктара Элькінда-Скітава, яго сынулі і іншых фігурантаў гучнай крымінальнай справы.
Пры гэтым прадпрыемства – адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі не толькі ў Магілёўскай вобласці, але і па ўсёй краіне, а таксама лідар па пастаўках «малочкі» ў Расію.
Сыравінная зона, як паведамляецца на ведамасным сайце, ахоплівае 18 з 21 раёна Магілёўскай вобласці.
Звяртаем увагу, што менавіта спецыялісты па жывёлагадоўлі там цэняцца найбольш – зарплата інжынера-механіка выбіваецца з агульнага шэрагу.
Гэта не выпадковасць. Сыравінную базу «Бабушкінай крынкі» правільней было б назваць базай кармавой.
Малочнікі лаяць сялян за нізкую якасць малака, выдаюць ім бясплатныя прыборы для кантролю гэтай самай якасці і скупляюць малако за капейкі.
Гэта ўжо потым яно трансфармуецца ў нейкія лішкі, мільённыя хабары і карупцыйныя справы, якія, як правіла, заканчваюцца тым, што злачынцаў злёгку дакараюць вышэйстаячыя крымінальнікі.
Фота з адкрытых крынiц.
