Акрэдытацыя беларускіх дэмакратычных сілаў у ААН – складана, але магчыма, лічыць Валерый Мацкевіч
Фота: tsikhanouskaya.org
Днямі на Мальце адбылася гістарычная падзея для беларускай апазіцыі – прэзідэнтка Еўрапейскага Парламента Раберта Метсола і беларуская прэзідэнт-элект Святлана Ціханоўская падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Цяпер, разам з Аб’яднаным пераходным кабінетам афіцыйным прадстаўніком беларускага народа для ЕС будзе лічыцца і Каардынацыйная рада.
Ці азначае гэтае падпісанне, што цяпер Еўрапейскі Саюз прызнае Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду палітычнымі органамі – задаў пытанне Валерыю Мацкевічу вядучы эфіра, журналіст 6tv Biełarus Яўген Казакевіч.
Наступны выклік – акрэдытацыя ў ААН
Еўрапейскі Парламент упершыню падпісаў дакумент такога кшталту не з афіцыйным урадам – падкрэсліў Валерый Мацкевіч. І сапраўды, гэта яшчэ адзін крок да міжнароднай легітымацыі беларускіх дэмакратычных структур. Беларускім дэмакратычным сілам удалося выбудаваць такую канфігурацыю – Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет як выканаўчы орган і Каардынацыйная рада як прадстаўнічы орган беларускага народа.
Зараз у стратэгію Аб’яднанага пераходнага кабінета ўваходзіць пункт аб павышэнні яго суб’ектнасці, і падпісанне Дамовы з Еўрапарламентам было адной з амбіцыйных, але выканальных яе задач. Найперш, канечне, гэта не самамэта, а інструмент, каб Беларусь заставалася ў міжнароднай павестцы. Раней ужо адбываліся падобныя поспехі – гэта стратэгічны дыялог з ЗША, кантактная група па супрацоўніцтве паміж Радай Еўропы і дэмакратычнай Беларуссю.
Нам ёсць да чаго далей імкнуцца і зараз вельмі важна памнажаць гэты поспех – адзначыў Валерый Мацкевіч – гэта і акрэдытацыя ў міжнародных арганізацыях, і прызначэнне новых спецпасланнікаў, і ўдзел Святланы Ціханоўскай у міжнародных мерапрыемствах на вышэйшым узроўні.
Звышскладанай, амбіцыйнай задачай – але яе нельга назваць недасягальнай – будзе акрэдытацыя ў ААН.
На пытанне, ці азначае гэта, што ў нейкі момант у ААН будуць прадстаўленыя два бакі – афіцыйныя беларускія ўлады і дэмакратычныя сілы, кіраўнік апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета адзначыў, што пра прысутнасць там афіцыйных уладаў яшчэ трэба будзе падумаць, а што да прысутнасці прадстаўнікоў дэмакратычных структур, то да гэтага трэба імкнуцца.
Мы адвакатуем дапамогу Украіне
У Коўне Святлана Ціханоўская прадставіла тры магчымыя сцэнарыя перамен у Беларусі. Паводле першага, Украіна перамагае ў вайне супраць Расіі і гэта адкрывае яшчэ адно акно магчымасцяў для дэмакратычнай Беларусі.
Гэта самы пажаданы сцэнарый – адзначыў Валерый Мацкевіч. Але трэба мець на ўвазе, што паняцце “перамога Украіны” зараз трактуецца вельмі шырока – гэта такі дыяпазон ад маршу па Чырвонай плошчы да вяртання да сітуацыі на 24.02.2022. Афіцыйная пазіцыя – гэта межы 1991 года, уключаючы украінскі Крым.
Мы, са свайго боку, робім усё мажлівае для таго, каб ён рэалізаваўся – пачынаючы ад тых добраахвотнікаў, якія гінуць “на нулі”. Мы – гаворачы пра палітычныя структуры, адзначыў Валерый Мацкевіч – робім усё, каб паспрыяць перамозе і адвакатуем на ўсіх узроўнях, і высокіх і вышэйшых, каб ажыццяўлялася і не перапынялася дапамога Украіне.
Другі сцэнарый прадугледжвае кампраміс, альбо “здзелку з Пуціным, якая замарозіць канфлікт”.
Нагоду для такога сцэнара дае частка еўрапейскага палітыкума – пракаментаваў кіраўнік апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета. Гэтая думка падаграваецца тым, што нібыта на падтрымку Украіне ідуць вялікія грошы, ідзе эскалацыя, але гэта не ўплывае на асаблівыя поспехі Украіны на полі бою. Гэта спекулятыўныя тэзы, якія не знаходзяць водгуку ў “ядравым палітыкуме” на думку Валерыя Мацкевіча.
Зараз ідзе сур’ёзная падрыхтоўка да Швейцарскай канферэнцыі міру ў сярэдзіне чэрвеня. Калі збярэцца аб’ёмная – а яна збярэцца – міжнародная кааліцыя ў падтрымку украінскіх стандартаў, на якіх будуць весціся перамовы, то наўрадці Пуцін разам з Лукашэнкам змогуць штосьці гэтаму супрацьпаставіць.
Трэці сцэнарый прадугледжвае наступленне перамен у Беларусі да перамогі Украіны. Па словах Святланы Ціханоўскай «рэжым Лукашэнкі значна менш стабільны, чым здаецца».
Мы не ведаем, што можа паслужыць штуршком: эканамічны крызіс, незадаволенасць насельніцтва ці раскол эліт. – заявіла яна – Нават адсутнасць дыктатара на працягу некаторага часу стварае вакуум улады і паралізуе сістэму. Такія змены могуць стаць пераломным момантам.
Мы ў наш век сталі сведкамі не аднаго і не двух “чорных лебядзёў” – пракаментаваў гэты варыянт развіцця падзеяў Валерый Мацкевіч. Могуць быць самыя розныя падзеі. Здароўе дыктатара падкосіцца і не вытрымае, альбо ён аддасць загад войскам пераходзіць мяжу, а яны пяройдуць не беларуска-украінскую, а мяжу Драздоў.
Варыянтаў падзеяў можа быць вельмі шмат. Мы бачым, што зараз падзеі вельмі моцна сканцэнтраваныя. Тыя цыклы, якія раней праходзілі за дзесяцігоддзі, зараз яны праходзяць фактычна за лічаныя месяцы.
Таксам ў эфіры прагучалі тэмы “чырвоных ліній”, якія прачарціла NATO для Расіі і адна з якіх закранае Беларусь, праблем з вызваленнем палітзняволеных і пытання што да колькасці выбаршчыкаў у Каардынацыйную раду, неабходнай для міжнароднага прызнання гэтага прадстаўнічага органа. Цалкам эфір можна паглядзець тут.