Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці ўжо ў ліпені – аналітык Арцём Брухан

22 апреля 2024
Чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці ўжо ў ліпені – аналітык Арцём Брухан

Фота: fedpress.ru

Ці абвесціць Лукашэнка пазачарговыя выбары ўжо гэтым летам, як Расія пасадзіла Беларусь на “гандлёвую іголку” і чаму беларусам важна ўзяць удзел у галасаванні на выбарах у Каардынацыйную раду – расказаў каналу 6tv Biełarus намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан.

На канале 6tv Biełarus прайшоў чарговы стрым з намеснікам кіраўніка Народнага антыкрызіснага упраўлення, аналітыкам, былым супрацоўнікам Брэсцкага аблвыканкама Арцёмам Бруханам. Пераказваем самае важнае, што прагучала ў эфіры.

Беларусь пасадзілі на “гандлёвую іголку”

Следам за фінансавай залежнасцю ад Расіі, Беларусь патрапіла ў гандлёвую залежнасць ад усходняга суседа – лічыць прадстаўнік НАУ Арцём Брухан – і гэта можа дорага каштаваць эканоміцы нашай краіны.

На пытанне вядоўцы Яўгена Казакевіча пра тое, што на рынку Расійскай Федэрацыі Кітай паступова выцясняе беларускіх вытворцаў – так, за год доля некаторых відаў кітайскай тэхнікі вырасла з 29,5% да 58%, тады як доля беларускіх трактароў рэкордна знізілася да 10,5% – Арцём Брухан адзначыў наступнае.

Беларускія тавары, калі яны заходзяць на канкурэнтны рынак, выяўляюцца не такімі ўжо канкурэнтаздольнымі. Таму што іх канкурэнтаздольнасць забяспечвалася тым, што Беларусь была транзітнай дзяржавай, якая магла прывозіць часткова тэхналогіі з Еўропы, з Захаду. Зараз гэтага няма, і калі беларускія і кітайскія тавары выйшлі на расійскі рынак, то выявілася, што беларускія тавары вельмі моцна саступаюць. І гэта мы яшчэ не кажам пра Індыю, пра іншыя краіны. Паціхеньку, беларускія тавары будуць знікаць з гэтага рынку. І гэта бачаць і Галоўчанка, і Лукашэнка, і разумеюць гэта як вялізную праблему для сябе.

Беларусы ўмеюць працаваць, але калі менеджмент ніякі, калі не завозяцца тэхналогіі, калі ўсё з-пад палкі і няма развіцця, то не будзе і канкурэнтаздольнасці. Рэжым сам сябе сваімі дзеяннямі прывёў у такую кропку – ён “дакіраваўся” да такой ступені, што хутка ўжо і ў Расіі будзе незапатрабаваная беларуская прадукцыя. Рэжым можа змяніць сітуацыю – правесці вольныя дэмакратычныя выбары, выпусціць палітвязняў, пачаць лібералізацыю эканомікі. Але пакуль гэтага не адбываецца – мы будзем казаць і пра кадравы голад, і пра неканкурэнтаздольнасць эканомікі.

 У такой сітуацыі, зразумела, што Лукашэнка будзе спрабаваць ісці ў Расію – лабіяваць нейкія паслабленні для сябе, каб не канкурэнцыя была, а каб наўпрост нейкія ўстановы закупалі беларускую прадукцыю. Што запатрабуе наўзамен Расія – вось сур’ёзнае пытанне. Нас пасадзілі не толькі на крэдытную, “фінансавую іголку”, але яшчэ і на “гандлёвую іголку” – мяркуе аналітык.

На УНС Лукашэнка можа абвясціць пра пазачарговыя выбары

Другая тэма, закранутая падчас стрыму з Арцёмам Буханам – набліжэнне так званага Усебеларускага народнага сходу, які адбудзецца 24-25 красавіка ў Мінску. На што трэба звярнуць увагу з гэтай нагоды, на думку аналітыка: упершыню ствараецца пасада намесніка старшыні УНС. 

Па-сутнасці, гэта віцэ-Лукашэнка, намеснік Лукашэнкі. Дагэтуль такой пасады не было, не існавала пасады віцэ-прэзідэнта. Зараз жа з’яўляецца пасада намесніка старшыні УНС – тэарэтычна іх можа быць нават два, але я думаю, што хутчэй за ўсё будзе адзін. Палітычна, наменклатурна гэта будзе разглядацца як асоба нумар два ў сістэме.

Другое, на што трэба звярнуць увагу. Ёсць такое адчуванне, што прэзідэнцкая кампанія Лукашэнкі ўжо ідзе два месяцы. Ён пачаў з лютага сустракацца з калектывамі, потым піар-кампанія з касманаўткай – усё гэта выглядае так, што пачалася дастаткова моцная электаральная кампанія Лукашэнкі. Наўрадці яны разлічаныя да 2025 года, калі павінны адбыцца наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі – падобная кампанія непатрэбная цягам цэлага года, бо людзі проста стомяцца. 

Такім чынам, калі кампанія пачалася ў лютым, то на УНС, дапускае Арцём Брухан, можа прагучаць нейкая нечаканая заява Лукашэнкі – напрыклад, каб правесці прэзідэнцкія выбары раней. Калі паглядзець на той ход кампаніі, які назіраецца, то на думку аналітыка выглядае так, што Лукашэнка можа абвясціць пра прызначэнне пазачарговых выбараў на ліпень – праз 90 дзён пасля УНС.

Выбары ў Каардынацыйную раду – першыя дэмакратычныя выбары за 30 год

Іншы электаральны цыкл, які трапіў пад увагу падчас гутаркі – выбары ў Каардынацыйную раду, запланаваныя на канец траўня. Ці могуць яны стаць знакавымі для беларускага грамадства?

Арцём Брухан: “Я лічу, што для дэмакратычных сіл гэта вельмі важна. Сэнс палягае на тым, што гэта дастаткова моцны палітычны акт, які ўзмацняе дэмакратычныя сілы. У нас ёсць такая канфігурацыя палітычных сілаў – ёсць прэзідэнт-элект (абраны) Святлана Ціханоўская, ёсць яе Аб’яднаны пераходны кабінет, як выканаўчы орган дэмакратычных сілаў. І вось ёсць прадстаўнічы орган Каардынацыйная рада. Ёй дагэтуль дастаткова часта закідвалі справядлівае пытанне – “А хто вас абіраў”? Цалкам лагічна, каб такога пытання не было, трэба каб прадстаўнічы орган быў абраны беларусамі”

Гэта будзе прадстаўнічы орган, абраны беларусамі, і ён будзе абараняць інтарэсы беларусаў на міжнародным узроўні, на міжпарламентарным узроўні. За трыццаць год панавання Лукашэнкі ў беларусаў не было магчымасці правесці нармальныя выбары, на якіх кожны можа абраць свайго прадстаўніка. А вось зараз гэта адбудзецца, мяркуе аналітык.

Похожие материалы