Павел Латушка стане новым лідарам беларускага дэмакратычнага руху?
Фота: STR/NurPhoto via Getty Images
22 красавіка завяршылася рэгістрацыя кандыдацкіх спісаў на выбары ў склад Каардынацыйнай рады, што пройдуць з 25 па 28 траўня 2024 года. Паводле афіцыйных дадзеных Выбарчай камісіі Каардынацыйнай рады, да ўдзелу ў электаральнай кампаніі было пададзена 13 спісаў, якія ўключаюць 280 кандыдатаў. Па выніках галасавання ў склад Рады будуць абраныя 80 дэлегатаў, а гэта значыць, што канкурэнцыя складае 3,5 чалавекі на месца.
Адной з галоўных сенсацый на дадзеным этапе электаральнага цыклу стала вылучэнне кандыдатаў ад «Каманды Паўла Латушкі і Руху “За свабоду”», якая ідзе агульным спісам у 47 чалавек. У межах аўтарскай рубрыкі “Палітбамонд” журналіст 6tv Biełarus Алесь Буракоў правёў размову з старшынёй Руху “За свабоду” і прадстаўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення па пытаннях рэгіянальнага развіцця Юрасём Губарэвічам.
Алесь Буракоў: Самае першае і самае галоўнае пытанне – навошта Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, ідзе ў Каардынацыйную раду?
Юрась Губарэвіч: Ідзе не толькі Павел Латушка, ідзе цэлая каманда – гэта тыя людзі, з якімі ён працаваў пачынаючы з 2020 года, з большасцю, але ёсць і тыя людзі, з якімі ён працаваў яшчэ калі быў на дзяржслужбе. Гэтая каманда мае дачыненне да НАУ, але і трошкі шырэй. Там ёсць вядомыя блогеры, людзі з сферы культуры, былыя палітвязні. Рух “За свабоду” разам з НАУ ў адной камандзе з 2020 года і зараз гэта фармалізавалася ў выглядзе кааліцыі.
Удакладняючы сваё пытанне, карэспандэнт 6tv Biełarus агучыў меркаванне, што Павел Латушка ідзе ў Каардынацыйную раду для таго, каб узяць яе пад кантроль. Пасля 2025 года, калі скончыцца афіцыйны тэрмін абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, то ініцыятыва Латушкі выглядае як схема зрабіць легітымнай апазіцыю, лідарам якой цяпер ужо стане Павел Латушка, як абраны на справядлівых выбарах прадстаўнік дэмакратычнага руху.
У адказ на гэта Юрась Губарэвіч нагадаў, што Павел Латушка на сённяшні дзень з’яўляецца намеснікам Святланы Ціханоўскай і працуе разам з ёй у Аб’яднаным пераходным кабінеце – пагэтаму тут нельга казаць пра нейкую канкурэнцыю, а толькі пра супрацоўніцтва. Што ж да пытання пра легітымнасць Святланы Ціханоўскай, палітык заявіў, што і без “праблемы 2025 года” ёсць такія палітычныя дзеячы, якія не прызнаюць Ціханоўскую. Для іх выбары ў Каардынацыйную раду, на думку Губарэвіча – унікальная магчымасць.
“Ідзіце на выбары, паказвайце, што ваша пазіцыя дамінуе ў сэрцах і галовах беларускіх грамадзян, атрымлівайце перамогу і рэалізуйце свой сцэнар.”
Што ж да самой “праблемы 2025 года”, то тут у першую чаргу трэба будзе абапірацца на грамадскае меркаванне. Ніводны палітык не павінен узурпаваць уладу і адрывацца ад настрояў і меркаванняў сваіх выбарцаў. І калі выбарцы Святланы Ціханоўскай і яе група падтрымкі заявяць, што ёй неабходна прайсці праз працэдуру пераабрання, то яна, па меркаванні Губарэвіча, з гэтым пагодзіцца. Зараз жа, пакуль рэальныя выбары з удзелам беларусаў правесці немагчыма, то ўзнікае пытанне – ці не стане такая працэдура проста паслабленнем пазіцыі дэмакратычных сілаў?