Незалежным еўрапейскім СМІ пагражае заняпад з-за ўмяшальніцтва дзяржавы

29 апреля 2024
Незалежным еўрапейскім СМІ пагражае заняпад з-за ўмяшальніцтва дзяржавы

Фота: wiadomosci.onet.pl

Свабода СМІ “небяспечна блізкая да пералому”, а найбольш трывожныя сімптомы рэгіструюцца ў Венгрыі і Славакіі – адзначаюць прадстаўнікі міжнароднай маніторынгавай групы.

У сваёй штогадовай справаздачы аб свабодзе СМІ Еўрапейскі саюз грамадзянскіх свабод (Liberties), які базуецца ў Берліне, заявіў, што трывожныя тэндэнцыі, выяўленыя раней, захаваліся і ў 2023 годзе, хаця новае агульнаеўрапейскае заканадаўства можа даць надзею на паляпшэнне. Справаздача была складзеная па выніках працы 37 даследчых груп у 19 краінах Еўропы – піша The Guardian.

«Відавочна, што свабода СМІ няўхільна зніжаецца ва ўсім ЕС – у многіх краінах у выніку наўмыснага нанясення шкоды, або грэбавання з боку нацыянальных урадаў», – сказала Ева Сайман, старшы супрацоўнік аддзела адвакацыі Liberties – «Зніжэнне свабоды СМІ ідзе рука аб руку з пагаршэннем вяршэнства права. Паміж імі існуе цесная ўзаемасувязь. Гэта падручнік аўтарытарных рэжымаў».

Сярод трывожных тэндэнцый 2023 года – канцэнтрацыя ўласнасці на СМІ ў адных руках. Яна заставалася высокай у Харватыі , Францыі, Венгрыі, Польшчы, Нідэрландах і Славакіі, як адзначаюць даследчыкі. Прычым многія медыякампаніі належалі ўсяго некалькім асобам, што пагражала разнастайнасці галасоў СМІ і павялічвала рызыку перадузятасці.

На працягу мінулага году ў  Германіі, Венгрыі, Літве і Нідэрландах журналістаў, якія крытыкавалі ўрад, не пускалі на прэс-канферэнцыі і іншыя афіцыйныя мерапрыемствы, альбо ім адмаўлялі ў дакументах, да якіх яны павінны былі мець доступ.

СМІ ў Славакіі – “варожыя”, у Венгрыі – “пад ярмом”

У Славакіі прэм’ер-міністр-папуліст Роберт Фіцо «перакрыў усялякую сувязь» з чатырма СМІ, абвінавачанымі ў «адкрытай дэманстрацыі варожых настрояў». А нядаўна яго ўрад ухваліў спрэчны законапраект аб рэфармаванні грамадскага вяшчальніка RTVS .

Паводле справаздачы, у Венгрыі дзяржаўныя СМІ ўжо і так былі «настолькі цалкам пад ярмом урада», што іх прадукцыя «характарызавалася неаб’ектыўным і аднабаковым асвятленнем, якое заўсёды адпавядае інтарэсам кіруючай партыі Фідэс».

Акрамя Венгрыі, гаворыцца, што грамадскае вяшчанне знаходзіцца ў «стане нявызначанасці» ў Польшчы, паколькі новы прэм’ер-міністр Дональд Туск спрабуе адмовіцца ад палітыкі ўмяшання, якую праводзіў папярэдні ўрад. Таксама ў праваабаронцаў расце занепакоенасць урадамі Харватыі і Італіі.

У мінулым годзе еўрапейскі медыйны ландшафт па-ранейшаму адзначаўся моцнай канцэнтрацыяй уласнасці на СМІ, неадэкватнымі правіламі празрыстасці ўласнасці і шматлікімі пагрозамі незалежнасці і фінансам дзяржаўных СМІ, адзначаецца ў дакладзе Liberties. Акрамя таго, задакументаваныя шматлікія выпадкі пагроз, запалохвання, сачэння і гвалту ў дачыненні да журналістаў у шэрагу дзяржаў-членаў ЕС, а таксама абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў і доступу да інфармацыі ва ўсім блоку.

Так, у Румыніі і Швецыі паліцыя не змагла належным чынам расследаваць напады на журналістаў з-за недахопу рэсурсаў, альбо з-за адсутнасці волі, гаворыцца ў справаздачы, у той час як у Францыі і Балгарыі супрацоўнікі паліцыі самі нападалі на журналістаў.

Сітуацыю можа палепшыць Еўрапейскі суд

Свабода СМІ зніжаецца ва ўсім ЕС і «небяспечна блізкая да пералому» – перасцерагаюць аглядальнікі і адзначаюць, што новае агульнаеўрапейскае заканадаўства можа даць надзею на паляпшэнне сітуацыі.

Liberties рэкамендавала Еўрапейскай камісіі ўважліва сачыць за выкананнем краінамі-членамі новага Еўрапейскага акта аб свабодзе СМІ, які, па словах Евы Сайман, нягледзячы на ​​кампрамісы, стварае прававую аснову для паляпшэння свабоды СМІ.

«Многае будзе залежыць ад нацыянальных урадаў і органаў улады, але гэты акт азначае, што цяпер справы могуць быць перададзеныя ў Еўрапейскі суд, які будзе вырашаць, што сапраўды вызначае незалежнасць СМІ, сачэнне за журналістамі і гэтак далей», – сказала старшы супрацоўнік аддзела адвакацыі Liberties.

Похожие материалы