Беларусы вычарпалі магчымасці для негвалтоўнай змены ўлады, і добра што ў ЗША гэта прызналі – Шчыгэльскі
Фота: Полк Кастуся Каліноўскага
Днямі Дзяржаўны дэпартамент ЗША апублікаваў даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У дакуменце гаворыцца пра катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з жыхарамі краіны з боку сілавікоў. А галоўнае – ўказваецца на немагчымасць грамадзян мірна змяніць уладу шляхам свабодных і справядлівых выбараў.
Калі падтрымка з’явіцца, ваяваць будзе значна прасцей
Дзмітрый Шчыгельскі: Відавочна, што беларусы вычарпалі ўсе магчымасці для негвалтоўнай змены ўлады. Гэты рэжым без сілавога, кінетычнага кампанента змесці немагчыма. Тое, што ў дакладзе Дзярждэпа ёсць прызнанне гэтага факта – вельмі добра. Я шмат размаўляў з прадстаўнікамі Дзярждэпа пра тое, што існуючы рэжым немагчыма змяніць пратэставальнікам, якія застаюцца ў прававым полі ў той час, калі – “не да законаў”.
І Дзярждэп, і ЕС, і наогул дэмакратычная супольнасць Захаду вельмі дрэнна ставілася да ідэі гвалту і ідэі кінэтычнага кампаненту. І заўсёды з-за гэтага былі праблемы і ў “Кіберпартызан” і ў Палка Каліноўскага і ў іншых беларускіх добраахвотнікаў. Была сітуацыя, што калі недзе ёсць намёк на магчымасць ужывання сілы, то значыць не будзе ніякай падтрымкі, дапамогі і будуць вельмі абмежаваныя кантакты.
Калі мы чуем пра выдзяленне сродкаў на дэмакратычныя змены ў Беларусі, трэба разумець, што дагэтуль ніводнага даляра ці нават цэнта Полк Каліноўскага ніколі не бачыў. Наколькі вядома, не было інстытуцыянальнай дапамогі і іншым добраахвотнікам – “Харугве”, рэзерву, “Кіберпартызанам” і г.д. Калі гэтая падтрымка з’явіцца, то канечне, працаваць і ваяваць хлопцам будзе значна прасцей.
Беларуская армія будзе выконваць загады Лукашэнкі, або Пуціна?
Вядучы эфіру Яўген Казакевіч нагадаў, што міністр Замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што “Лукашэнка павінен даказаць сваю самастойнасць, каб весці палітыку паміж Расіяй і Захадам”. Ці варта разумець гэтыя словы як прапанову да перамоваў?
Гэтыя словы вельмі часта гучаць падчас асабістых сустрэч з палітычнымі элітамі заходніх краін – падзяліўся Дзмітрый Шчыгельскі. Яны пытаюцца – Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў краіне ці не? Беларуская армія будзе выконваць загады Лукашэнкі, або Пуціна? Можа Лукашэнка спыніць, напрыклад, перасоўванне расійскіх войскаў праз Беларусь у накірунку Украіны, ці не?
На гэтыя пытанні зараз няма адказу. Я яго не ведаю, і ніхто не ведае.
Ёсць вялікія сумневы ў тым, што Лукашэнка кантралюе сітуацыю ў краіне. Гэтая тэма шырока абмяркоўваецца ў экспертнай супольнасці, і ні ў кога няма адказу. Такім чынам, у словах Сікорскага не трэба шукаць нейкага падвойнага сэнсу, ён проста сказаў тое, што абмяркоўваецца – мы не ведаем, ці ўсё Лукашэнка кантралюе. Вось калі ён дакажа, што ён з’яўляецца самастойным суб’ектам, то тады ўжо можна будзе думаць пра нешта далей.
Бо пакуль што ён выглядае як своеасаблівы сімвал. Ёсць жа чырвона-зялёны сцяг, фармальны, герб – не Расійскай Федэрацыі – і вось гэты “чувак”, які сядзіць як быццам бы фармальны прэзідэнт. А пры гэтым, хто ён дэ-факта, ніхто не разумее. – падсумаваў Дзмітрый Шчыгельскі.